Пошук

Карэйская вайна. Ілюстрацыйнае фота Карэйская вайна. Ілюстрацыйнае фота 

Малітва аб прымірэнні ў 70-годдзе пачатку Карэйскай вайны

Дасягнуць сапраўднага міру, якога прагнуць усе, вельмі складана, але не немагчыма, - падкрэсліў кардынал Эндру Ём Су Чжун, арцыбіскуп Сеула, падчас св. Імшы ў 70-ю гадавіну пачатку Карэйскай вайны.

Літургія прайшла 25 чэрвеня 2020 г. у сеульскім катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты дзень у Касцёле ў Паўднёвай Карэі праходзіў спецыяльны Дзень малітвы аб прымірэнні. Адмысловыя набажэнствы адбываліся ва ўсіх каталіцкіх храмах краіны.

Кардынал Ём Су Чжун заклікаў бакі канфлікту да ўзаемнага прабачэння. “Калі пашыраецца палітыка прабачэння, справядлівасць становіцца больш чалавечнай, а мір – больш трывалым”, - заўважыў ён. Арцыбіскуп Сеула маліўся за палітычных лідараў, каб “глядзелі далей за асабістыя, партыйныя і нацыянальныя інтарэсы” і прыкладалі намаганні на карысць міру і агульнага дабра на ўсім Карэйскім паўвостраве.

Спецыяльнае пасланне з нагоды 70-годдзя пачатку Карэйскай вайны скіраваў таксама мансеньёр Пітэр Лі Кі Ён, старшыня Камітэта па прымірэння пры Канферэнцыі Біскупаў Карэі. Прэлат заклікаў вярнуцца да працы над мірным пагадненнем, якое паставіла б кропку ў вайне – адным з самых крывавых канфліктаў пасля Другой сусветнай вайны, і дало магчымасць ачысціць паўвостраў ад ядзернай зброі. “Праз 70 гадоў настаў час, каб перамагчы ідэалагічную нянавісць, якая супрацьпаставіла бакі і перашкодзіла абедзвюм краінам свабодна ўзрастаць і развівацца”, - падкрэсліў мансеньёр Лі Кі Ён.

Успамін 70-годдзя пачатку Карэйскай вайны, прайшоў на фоне новай хвалі напружанасці на паўвостраве, кульмінацыя якой стаў падрыў уладамі Паўночнай Карэі міжкарэйскага аддзялення сувязі ў горадзе Кэсон.
 

26 чэрвеня 2020, 10:10