Пошук

Vatican News

Ніхто іншы не бачыў столькі твараў і не прымушаў іх усміхнуцца

Калі вы знаходзіцеся ў групе суправаджэння Папы падчас яго падарожжаў, самае кранальнае з таго, што бачыце, – гэта твары людзей, якія вітаюць яго на вуліцах, - прызнаўся кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Шматгадовы кіраўнік Залы Друку, былы дырэктар Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлебачання, у спецыяльным выпуску “L'Osservatore Romano”, прысвечаным 100-годдзю Яна Паўла ІІ, узгадаў свае шматлікія міжнародныя паездкі з Пантыфікам.

“Гэта асобы, кожны са сваёй індывідуальнасцю, з душой, якая блішчыць у вачах, якія зрокам спрабуюць знайсці Папу, калі той праходзіць і благаслаўляе. І гэта ўражвае больш за ўсё, твары, якія свецяцца ўсмешкай і шчырай радасцю. На іх часта з’яўляюцца слёзы, вынік радасных эмоцый. Я ніколі не забуду выгляду твараў, якія хвіліну таму бачылі Святога Айца, што прайшоў побач”

, - успамінае кс. Ламбардзі.

Езуіт таксама ўзгадвае сітуацыю, звязаную з папскай паездкай у Мексіку ў 2002 г, падчас якой адбылася кананізацыя Хуана Дыега.

“Два дні мы падарожнічалі па вялікім горадзе, і заўсёды і ўсюды ў некалькі радоў твары і твары. Я падлічыў, што Папа і мы разам з ім праехалі больш за 100 км. Сто ў адзін бок і сто ў другі. Больш за 200 км усмешлівых і радасных твараў, адзін за адным, адзін за адным. Я ніколі не бачыў нічога падобнага на гэта”, - узгадаў удзельнік папскіх падарожжаў.

Святар заўважыў, што Ян Павел ІІ заўсёды адказваў на гэтыя погляды.

“Папа таксама глядзеў на твары, якія былі перад ім. На іх праблемы і на іх краіны. Іх погляды сустракаліся. Погляд Святога Айца быў глыбокім і задуменным, па-за вачыма таго, хто глядзеў на яго, і пранікаў у душу. Радасці, надзеі, смутак і пакуты сучасных людзей – гэта тое, што падзяляюць Папа і Касцёл”

, - заўважыў кс. Ламбардзі.

“Напэўна, ні адзін іншы чалавек, які ішоў праз гэты свет, не бачыў столькі твараў і не прымушаў іх усміхнуцца. Праз яго позірк мы адчувалі любячы позірк кагосьці іншага, Які кіраваў яго словамі і ўчынкамі, часам салодкімі, часам магутнымі, як прабачэнне таму, хто спрабаваў яго забіць, і папярэджанне забойцам, як справы і словы, заўсёды арыентаваныя на праўду і справядлівасць, на міласэрнасць, прымірэнне, справядлівасць і мір”, - напісаў былы кіраўнік ватыканскіх медыя. Ён падкрэсліў, што Ян Павел II, як і іншыя Пантыфікі, кіраваў вочы тых, хто глядзеў на яго, заўсёды да Бога.

“Праезд Папы доўжыўся імгненне, але для ўсіх, хто спяшаўся з ім сустрэцца, ён застаўся чымсьці незабыўным, успамінам на ўсё жыццё, імгненнем невытлумачальнай радасці і замілавання. Можна сказаць: Божай ласкай!”, - падсумаваў кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

19 мая 2020, 12:48