Пошук

Vatican News

“Людзі яго любяць”. Біскупу Казіміру Велікасельцу – 75

60 км да першай споведзі на ровары, 3 гады падпольнай семінарыі, 5 св. Імшаў у дзень, 10 адкрытых парафій, штодня Ружанец і Крыжовы шлях. Што яшчэ мы ведаем пра біскупа Казіміра Велікасельца?

5 мая 2020 г. дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец адзначае сваё 75-годдзе. Гэта найстарэйшы іерарх сучаснага Каталіцкага касцёла ў Беларусі. Яго святарская і біскупская дзейнасці прыпалі на гады адраджэння парафій і ўсёй структуры Касцёла ў Беларусі, і ў гэтую вялікую справу іерарх унёс важкі ўклад. У апошнія гады ён служыць у Гомелі, дзе будуе новую святыню – ужо чацвёртую за сваё жыццё. Як вядома, па дасягненні 75-гадовага ўзросту біскупы, паводле Кодэкса кананічнага права, скіроўваюць просьбу на імя Пантыфіка аб сыходзе на пенсію. Таму цяперашні дзень нараджэння для біскупа Казіміра – важная дата, калі ён падводзіць вынік сваёй пастырскай дзейнасці.

У гэтыя дні, калі ў Беларусі складаная эпідэміялагічная сітуацыя, іерарху даводзіцца асабліва берагчыся ў сілу свайго ўзросту, таму ён знаходзіцца на самаізаляцыі. Таксама і па прычыне сваёй сціпласці, біскуп Казімір не стаў размаўляць на тэму свайго 75-годдзя. Але Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё пагутарыла з калегам юбіляра, старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Ён, дарэчы, таксама хутка будзе адзначаць аналагічную дату – у пачатку 2021 года.

Іерарх памятае сваё знаёмства з Казімірам Велікасельцам. Гэта было ў 1980-х гадах у Вільні. У той час малады святар Тадэвуш Кандрусевіч служыў у капліцы Вострабрамскай Маці Божай, а Казімір Велікаселец – працаваў зваршчыкам на будаўніцтве ўнівермага ў Вільні, і прыходзіў на св. Імшу. І ўжо тады – вучыўся ў падпольнай духоўнай семінарыі. Час быў цяжкі, не хапала кніг, таму Казімір прасіў у кс. Тадэвуша літаратуру для навучання. Так і пасябравалі.

“Я ў ім бачу вельмі адданага Касцёлу чалавека. І ў той жа час – вельмі простага чалавека, які ўмее размаўляць з кожным: і з вельмі адукаваным, і з тымі, хто займае высокія пасады, і са святарамі, біскупамі. Мне падабаецца стыль яго прапаведавання: проста і адначасова глыбока. Біскуп Казімір часта праводзіць рэкалекцыі, і мне даводзілася чуць ад святароў з Польшчы: “У нас вёў рэкалекцыі біскуп Велікаселец – як ён падняў дух народу! Як прамаўляў!”. Вельмі проста і даходліва, з жыццёвымі прыкладамі – гэта ўздзейнічае на людзей лепей, чым тэалагічныя размовы. Людзі яго любяць”

, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён адзначыў, што ў епіскапаце біскуп Велікаселец займае актыўную пазіцыю, вырашае пытанні з практычнага пункту гледжання. Арцыбіскуп нагадаў, што яго калега распачынаў будоўлю святыні ў Брэсце – няпроста было атрымаць дазвол, распачаць і весці будоўлю. Цяпер аналагічная справа ў Гомелі. Даводзілася часта прыязджаць у горад, размаўляць з уладамі, цярпліва рухаўся наперад і ўрэшце атрымаў дазвол, пачаў будоўлю.

“Хочацца падзякаваць біскупу Казіміру за яго адданае, ахвярнае служэнне як святара, законніка, біскупа, і пажадаць добрага здароўя, каб ён працягваў выкарыстоўваць таленты, якімі адарыў яго Бог, для развіцця Касцёла і збаўлення людзей!”, - дадаў арцыбіскуп.

Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. у вёсцы Стараволя Пружанскага раёна цяперашняй Брэсцкай вобласці ў сям’і сялян. Ужо ў 1948 г. парафіяльны касцёл тут зачынілі, святара арыштавалі. Але дзякуючы глыбокай веры бацькоў, Казімір з дзяцінства быў прывучаны да малітвы. Да першай споведзі і св. Камуніі хлопчыка рыхтаваў бацька. І ў 10-гадовым узросце адвёз яго на ровары ў бліжэйшы касцёл у Кобрын – гэта 60 км у адзін бок. Казімір Велікаселец памятае, як у дзве гадзіны ночы бацька пасадзіў яго побач на ровар, да 8 раніцы яны былі ў Кобрыне. Там святар прыняў іспыт у Казіміра, дапусціў яго да першай споведзі і Камуніі. Назад дадому – таксама 60 кіламетраў на ровары.

Сям’я слухала па радыё св. Імшу на польскай мове. У юнацтве Казімір вывучыў на памяць Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. І, калі яго прызвалі ў войска, чытаў яе штодня: калі засцілаў ложак раніцай ці калі клаўся спаць пасля адбою. Кожную нядзелю замест Эўхарыстыі маліўся на Ружанцы. Дарэчы, цяпер біскуп Казімір штодня моліцца ўсе чатыры часткі Ружанца, а таксама разважае Крыжовы шлях.

Пасля войска ён адправіўся працаваць на будоўлю ў Вільню. Там жа пазнаёміўся з братамі-дамініканцамі, у далейшым прынёс у ордэне першыя манаскія шлюбы. Тры гады ўлады не давалі Казіміру магчымасць паступіць у Рыжскую семінарыю. Вярнуўшыся ў БССР, у канспірацыі рыхтаваўся да паступлення. Двойчы ездзіў у Маскву з просьбай дазволіць яму паступіць у семінарыю. У выніку дамогся гэтага дазволу і ў 1981 г. быў прыняты ў Рыжскую семінарыю адразу на трэці курс.

Біскуп Велікаселец падчас цэлебрацыі св. Імшы ў гомельскай капліцы
Біскуп Велікаселец падчас цэлебрацыі св. Імшы ў гомельскай капліцы

Біскуп Казімір узгадвае, што першапачаткова ён хацеў паступаць у медыцынскі інстытут, падаў туды дакументы, але працягваў сумнявацца ў пакліканні. Тады звярнуўся да Панны Марыі праз Вострабрамскі абраз з просьбай дапамагчы вызначыцца ў пакліканні. Узамен паабяцаў на працягу года штодня ўдзельнічаць у св. Імшы. Аднойчы падчас пілігрымкі да абраза Маці Божай у Шылуве пачуў заклік паступаць у семінарыю.

Адразу пасля заканчэння семінарыі святар абслугоўваў пяць парафій – гэта значыць, што ў нядзелю трэба было служыць пяць св. Імшаў! Цікава, што гэтыя парафіі былі ў памежных вёсках і мястэчках Брэшчыны, Гродзеншчыны і Міншчыны. Атрымліваецца, што за адзін дзень ён бываў адразу ў трох абласцях. Акрамя пастырскага служэння, займаўся рэстаўрацыяй і рамонтам святыняў. У цэлым, адкрыў або аднавіў працу каля дзесяці парафій.

У 1992 г. Казіміра Велікасельца прызначылі Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, у 1999 г. атрымаў біскупскую сакру. Паводле іерарха, у яго служэнні было шмат цяжкасцей, і ўсе іх ён вырашаў на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, прасіў пасярэдніцтва Маці Божай.

Гаворачы аб выхадзе на пенсію, біскуп Казімір прызнаецца, што ён абсалютна спакойны: бо ў кожным статусе можна знайсці для сябе годны занятак.

05 мая 2020, 06:15