Пошук

Vatican News

Экуменічная Супольнасць у Бозэ: заснавальнік пакідае кляштар

Заснавальнік экуменічнай манаскай Супольнасці ў Бозэ Энца Б’янкі, двое яго сабратаў – Гафрэда Базэлі і Ліна Брэда, а таксама сястра Антанэла Казірагі павінны пакінуць супольнасць.

Гэта прадпісана дэкрэтам Дзяржсакратара Яго Святасці Папы, кардынала Пьетра Параліна, ухваленым Пантыфікам. Рашэнне было прынята пасля працяглага і стараннага разважання па выніках апостальскай візітацыі, якая ў пачатку года была праведзена па даручэнні Францішка.

Сур’ёзную занепакоенасць Папы выклікалі паведамленні, якія неаднаразова паступалі ў органы Рымскай курыі. Яны тычыліся напружанай сітуацыі, звязанай з ажыццяўленнем улады заснавальніка, кіраваннем супольнасцю і братэрскімі зносінамі.

Рашэнне было прынята з увагі на касцёльную і экуменічную значнасць Супольнасці ў Бозэ, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях, і на тое, наколькі важна, каб яна працягвала адыгрываць прызнаную за ёй ролю, пераадолеўшы сур’ёзныя цяжкасці і неразуменне, здольныя яе аслабіць або нават звесці на нішто.

Праз апостальскую візітацыю Святы Айцец пажадаў дапамагчы супольнасці і зрабіў гэта праз асоб, якія заслугоўваюць даверу, адрозніваюцца мудрасцю і ўменнем слухаць.

Спачатку планавалася не абвяшчаць імёнаў манахаў, на якіх былі распаўсюджаны санкцыі, аднак, пасля адмовы некаторых з іх выканаць распараджэнне Святога Пасаду, імёны былі апублікаваны. Названыя асобы павінны адасобіцца ад манаскай супольнасці і пакінуць яе; яны адхілены ад усіх займаных у кляштары пасад.

Супольнасць у Бозэ выдала спецыяльнае паведамленне, у якім адзначыла, што Святы Пасад акрэсліў шлях надзеі для будучыні, вызначыўшы асноўныя напрамкі працэсу абнаўлення, які павінен даць новы імпульс манаскаму і экуменічнаму жыццю.

27 мая 2020, 13:13