Пошук

WWW.jpg

Шарль дэ Фуко, якога немагчыма ігнараваць

Кананізацыя Шарля дэ Фуко стане важнай падзеяй у жыцці Касцёла. Яго асоба мае магутную сілу ўплыву. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць манаскіх кангрэгацый і ўстаноў, якія спасылаюцца на яго.

На гэта звярнуў увагу кс. Бернар Ардура, старшыня Папскага камітэта гістарычных навук і пастулатар у працэсе кананізацыі французскага пустэльніка. 27 мая 2020 г. быў зацверджаны цуд праз яго заступніцтва, што адкрывае шлях да кананізацыі.

Kс. Ардура нагадаў, што Шарль дэ Фуко жыў у пустыні не толькі ў геаграфічным сэнсе, але і ў канфесійным. Вакол яго з аднаго боку былі мусульмане, а з другога – французскі ваенны гарнізон, які дэманстраваў варожасць да Касцёла. Такім чынам, як хрысціянін, ён застаўся адзін. Аднак быў чалавекам, якога немагчыма ігнараваць або ўспрымаць несур’ёзна. Гэта звязана з паслядоўнасцю яго жыцця, глыбокай укаранёнасцю ў Хрысце. Ён сапраўды жыў тым, у што верыў.

“Шарль дэ Фуко вучыць нас, што не варта чакаць неадкладных вынікаў нашай дзейнасці. Хоць сам нікога не хрысціў, жыў цнотай надзеі, даверу да дзеянняў Бога ў душы чалавека. Змог распазнаць гэтае дзеянне Бога. Ён нагадвае нам, што ў місійным сведчанні нашай веры важны наш спосаб быцця”

, - адзначыў пастулатар.

Святар назваў самай асноўнай асаблівасцю кс. Шарля дэ Фуко, якая ніколі не старэе, сустрэчу з Хрыстом у Святым Пісанні і ў Эўхарыстыі. Ён быў чалавекам адарацыі. Для яго прысутнасць Хрыста была галоўнай.

Для тых, хто нядаўна быў пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у Эўхарыстыі на працягу некалькіх месяцаў, гэта заклік, засяродзіць усё жыццё на сустрэчы з Хрыстом у Евангеллі і Эўхарыстыі. “Гэта сутнасць хрысціянскага жыцця, і гэта была таксама сутнасць жыцця Шарля дэ Фуко”, - адзначыў кс. Бернар Ардура, якія рыхтаваў кананізацыйны працэс французскага пустэльніка.

29 мая 2020, 13:39