Пошук

Vatican News

Беатыфікацыйны працэс бацькоў Яна Паўла ІІ пачаўся ў Польшчы

7 мая 2020 г. у Вадавіцах у Польшчы ўрачыста распачалася дыяцэзіяльная фаза беатыфікацыйнага працэсу Слугаў Божых Эміліі і Караля Вайтылаў, бацькоў св. Яна Паўла ІІ.

Урачыстую св. Імшу ў касцёле Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вадавіцах, у якім будучы Пантыфік атрымаў сакрамэнты хрысціянскай ініцыяцыі, узначаліць арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі, Мітрапаліт Кракаўскі.

Пастулятарам працэсу стаў кс. прэлат Славамір Одэр, які давёў да паспяховага завяршэння беатыфікацыйны і кананізацыйны працэсы Яна Паўла ІІ. У інтэрв’ю Vatican News ён распавёў, што бацькі святога Папы добра вядомыя ў Польшчы і многіх іншых краінах, таму першы крок да іх будучай беатыфікацыі стаў радаснай навіной для многіх вернікаў ва ўсім свеце.

Кс. Одэр прыгадаў словы Яна Паўла ІІ пра тое, што “святыя нараджаюцца ў святых”. Паводле яго, сем’я – прывілеяванае месца, у якім могуць узнікаць карані святасці чалавека. Менавіта так магло здарыцца і ў сітуацыі Папы – ён бачыў святасць у хатнім асяроддзі, а потым сведчыў яе сваімі ўчынкамі, - лічыць святар.

Спасылаючыся на актуальную эпідэміялагічную сітуацыю ў свеце, пастулятар заўважыў, што яна не можа спыніць распаўсюджвання святасці. “Мы ўсе жывём у адпаведнасці з санітарнымі нормамі, але Дух Святы дзьме, дзейнічае, калі і як хоча, не спыняецца, і я думаю, што таксама ў гэтай атмасферы прыгнечанасці, смутку, выкліканай абмежаваннямі пандэміі, пасланне такога роду – гэта вялікае суцяшэнне і надзея для многіх”, - сказаў ён.

У кнізе “Дар і таямніца”, якую Ян Павел ІІ напісаў з нагоды 50-й гадавіны свайго святарскага пасвячэння, ён прызнаваўся: “Мая семінарская падрыхтоўка да святарства была ў пэўнай ступені прадвызначана. У нейкім сэнсе спрычыніліся да таго мае бацькі ў родным доме, асабліва мой бацька, які рана аўдавеў. Маці я страціў яшчэ перад Першаю св. Камуніяй у дзевяцігадовым узросце і таму менш яе памятаю і менш усведамляю яе ўклад у маё рэлігійнае выхаванне, а быў ён, несумненна, вельмі вялікі. Пасля яе смерці, а затым і пасля смерці майго старэйшага брата, мы з бацькам засталіся ўдвух. Я мог кожны дзень бачыць суровае жыццё свайго бацькі. Па прафесіі ён быў вайскоўцам, а калі аўдавеў, жыццё яго яшчэ ў большай ступені стала жыццём пастаяннай малітвы. Часта, абудзіўшыся ноччу, я бачыў свайго бацьку на каленях. Таксама на каленях заўсёды бачыў яго ў нашым парафіяльным касцёле. Ніколі не размаўлялі мы між сабою пра святарскае пакліканне, але гэты прыклад майго бацькі быў як бы першаю хатняю семінарыяй”.
 

07 мая 2020, 13:17