Пошук

greek-orthodox-ecumenical-patriarch-bartholom-1543516770352.JPG

Барталамей І пра заслугі Яна Паўла II у экуменізме і экалогіі

“За дыялог і чалавечую годнасць”, - так назваў Патрыярх Барталамей I вельмі асабісты артыкул, якія напісаў для “L’Osservatore Romano” да 100-годдзя з дня нараджэння св. Яна Паўла II.

Пантыфік-славянін вельмі выразна рэалізоўваў сваё перакананне, што місія Касцёла заключаецца ў тым, каб “вызваліць чалавецтва ад усіх формаў прыгнёту”, звярнуў увагу Прадстаяцель, нагадаўшы, што ён адыграў вырашальную ролю ў звяржэнні сцен, якія на працягу многіх гадоў утрымлівалі Усходнюю Еўропу ў палоне.

Барталамей I падкрэсліў экуменічныя ініцыятывы Яна Паўла ІІ і яго “братэрскія адносіны” з Канстантынопалем. Тры цудоўныя моманты прадэманстравалі экуменічную прыхільнасць Папы.

30 лістапада 1979 г. – гэта пачатак дыялогу. Праз афіцыйны візіт у Фанар, рэзідэнцыю Патрыярха ў Стамбуле, неўзабаве пасля пачатку пантыфікату, Пантыфік стварыў “новую традыцыю”. Тады Барталамей І, – як ён успамінае сам – змог упершыню сустрэцца ў якасці асабістага сакратара Дзімітрыя I з Янам Паўлам II. У той дзень Папа і Патрыярх падпісалі сумесную заяву, якой заснавалі Міжнародную змешаную камісію па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.

Першыя кантакты Яна ХХІІІ, а потым Паўла VI з патрыярхам Афінагорам ініцыявалі “дыялог любові”, які пры Яне Паўле ІІ вырас да “дыялогу праўды”. Прыйшоў час “пераадолець непаразуменні і вылечыць раны мінулага на шляху да адзінства”.

10 чэрвеня 2002 г. з’яўляецца каталіцка-праваслаўная Дэкларацыя аб абароне стварэння. Яе падпісалі Ян Павел II і Барталамей І. Гэта быў першы сумесны тэкст кіраўнікоў заходняга і ўсходняга хрысціянства, прысвечаны выключна экалагічным праблемам. У ім гучаў заклік да абароны стварэння, падкрэслівалася, што гэта маральны і духоўны абавязак кожнага. Іерархі звярнулі ўвагу, што ўсё чалавецтва, будучыя пакаленні маюць права на лепшы свет, на свет без прыніжэння, насілля і кровапраліцця, на свет шчодрасці і любові, - нагадаў Патрыярх Канстантынопальскі.

Трэцім вырашальным момантам у “адносінах з шаноўным Папам” стала вяртанне рэліквій св. Грыгорыя Багаслова і св. Яна Златавуснага ў Канстантынопальскую Царкву. Гэта адбылося 27 лістапада 2004 г. “Важная, але далікатная тэма ў адносінах паміж нашымі Цэрквамі”, - падкрэсліў Бартламей I. Колішняе перавязенне рэліквій з Канстантынопаля ў Рым “пакінула балючую і глыбокую рану ў гісторыі адносін паміж хрысціянамі”.

“Гэта быў, мабыць, адзін з апошніх і найпрыгажэйшых учынкаў міласэрнасці і адзін з самых важных і запамінальных экуменічных жэстаў ужо пажылога і хворага Папы, нашага дарагога брата ў Хрысце”, - напісаў Барталамей І на старонках ватыканскай газеты.

22 мая 2020, 13:27