Пошук

Vatican News

50 гадоў абноўленаму абраду кансэкрацыі дзеў

Прайшло 50 гадоў пасля абвяшчэння абноўленага абраду кансэкрацыі дзеў у Касцёле. Сёння ў свеце іх налічваецца каля 5 тыс. Яны прысутнічаюць на ўсіх кантынентах і ў многіх краінах – таксама і ў Беларусі.

Гэта пакліканне існавала ўжо ў першых хрысціянскіх супольнасцях, але з цягам часу пайшло ў нябыт. Гаворка ідзе пра “ordo virginum”, або пра “стан дзевы”, які перажыў сваё адраджэнне дзякуючы папу Паўлу VI.

З нагоды юбілею ў Ватыкане павінен быў адбыцца міжнародны кангрэс кансэкраваных дзеў, на якім чакалася прысутнасць прадстаўніц 61 краіны. Аднак з прычыны пандэміі сустрэча была перанесена. Як і ўрачысты абрад кансэкрацыі.

Праз уключэнне ў стан дзевы, кансэкраваныя жанчыны больш моцна інтэгруюцца ў жыццё сваіх дыяцэзій. Жывучы ў сучасных умовах, яны самі зарабляюць сабе на жыццё, актыўна ўдзельнічаюць не толькі ў касцёльным, але і ў грамадска-палітычным жыцці. Сярод іх ёсць, сярод іншых настаўніцы, журналісткі, жывапісцы, урачы і медсёстры. Сімвал кансэкрацыі – залаты пярсцёнак і абавязацельства штодня маліцца на Брэвіярыі.

Паслясінадальная адгартацыя “Vita consacrata” адрознівае пяць форм кансэкраванага жыцця: манаскія інстытуты, цалкам прысвечаныя кантэмпляцыі; манаскія інстытуты, прысвечаныя апостальскай працы, свецкія інстытуты; таварыствы апостальскага жыцця; а таксама “ordo virginum” – стан дзеў, пустэльнікаў і ўдоў, прысвечаных Богу.

У першыя стагоддзі хрысціянства апошняя была вельмі распаўсюджанай формай прысвячэння Богу, калі арганізаванае манаскае жыццё яшчэ не існавала. Пазней яна пайшла ў нябыт. “Ordo virginum” быў адноўлены ў Каталіцкім Касцёле дзякуючы Другому Ватыканскаму Сабору. 31 мая 1970 г. Павел VI зацвердзіў абноўлены абрад кансэкрацыі дзеў.

29 мая 2020, 12:09