Пошук

fish-2450601_960_720.jpg

Каталіцка-метадысцкі дыялог: чакаецца суместны дакумент

У Дарэме, штат Паўночная Караліна, адбылася сустрэча Міжнароднай каталіцка-метадысцкай змешанай камісіі (MERCIC). На ёй разглядаўся праект сумеснага дакумента.

Пасяджэнне 3-4 сакавіка 2020 г. прайшло ў рамках 11-га раўнда дыялогу, які праводзіцца з 1967 г., і прысвечаны пытанням прымірэння. Кожны цыкл сустрэч уключае чатыры пленарныя пасяджэнні, пасля якіх Камісія прадстаўляе вынікі працы Сусветнай радзе метадыстаў і Канферэнцыі, якая праводзіцца кожныя 5 гадоў. Бліжэйшае пасяджэнне Рады адбудзецца 18-21 жніўня 2021 г. у шведскім Гётэборгу. Менавіта таму на наступнай пленарнай асамблеі Каталіцка-метадысцкай змешанай камісіі, прызначанай на 9-16 кастрычніка 2020 г. у Іерусаліме, павінен быць зацверджаны сумесны дакумент.

Праект, распрацаваны ўдзельнікамі цяперашняй сустрэчы, складаецца з чатырох раздзелаў. Першы разглядае прымірэнне як мадэль збаўлення. Другі прадстаўляе структуры абедзвюх Цэркваў у якасці сродку прымірэння, які захоўвае вернікаў у адзінстве, прызнаючы і прыміраючы законную разнастайнасць. У трэцім раздзеле ацэньваюцца абрады прымірэння, якія практыкуюцца абедзвюма супольнасцямі. Чацвёрты раздзел разглядае місію прымірэння Касцёла ў свеце.

Першы тур працы Міжнароднай каталіцка-метадысцкай змешанай камісіі адбыўся ў 1967-71 гг. і складаўся з чатырох сустрэч, якія прайшлі ў розных гарадах і краінах. Гэтая мадэль засталася нязменнай да сённяшняга дня. У цяперашні час Камісія складаецца з 18 чалавек. Яе каталіцкім сустаршынёй з’яўляецца біскуп Джон Шэрынгтан, дапаможны біскуп Вэстмінстэрскай дыяцэзіі ў Вялікабрытаніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 сакавіка 2020, 14:04