Пошук

1584880358184.jpg

Касцёл у Беларусі: як каронавірус паўплываў на католікаў

25 сакавіка 2020 г., ва ўрачыстасць Звеставання Пана ў многіх каталіцкіх храмах Беларусі адбылася адмысловая малітва прысвячэння краіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Таксама, па закліку папы Францішка, апоўдні ў касцёлах маліліся “Ойча наш” у інтэнцыі выбаўлення свету ад пандэміі каронавіруса.

Набажэнствы наведалі нешматлікія вернікі – многім давялося маліцца дома. Па прычыне распаўсюджвання COVID-19, небяспечнага асабліва для старэйшых асоб, яшчэ 10 сакавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі, звярнуўся да святароў і вернікаў з заклікам на кожнай св. Імшы маліцца ў інтэнцыі абароны беларускага народа ад небяспечнай хваробы, а таксама ў інтэнцыі ўсіх хворых, лекараў і супрацоўнікаў службы аховы здароўя. Акрамя таго, іерарх заахвоціў пасля цэнтральных нядзельных і святочных Імшаў спяваць суплікацыю “Святы Божа, Святы моцны, Святы несмяротны”, каб прасіць міласэрнага Бога аб выбаўленні ад пагрозы каронавірусу.

Выпадкі заражэння працягвалі расці ў Беларусі і свеце, і ўжо 13 сакавіка арцыбіскуп Кандрусевіч падпісаў распараджэнне, паводле якога ўшанаванне святога Крыжа, абразоў і рэліквій павінна адбывацца праз укленчванне ці глыбокі паклон без дотыку і цалавання. Таксама старшыня епіскапату распарадзіўся не напаўняць крапільніцы ў касцёлах асвячонай вадой, а на ваконцах канфесіяналаў – усталяваць абарончы матэрыял, які неабходна рэгулярна дэзінфіцыраваць і змяняць з захаваннем мераў перасцярогі. Знак супакою з гэтага часу перадаецца схіленнем галавы, без тактыльнага кантакту, а перад цэлебрацыяй Эўхарыстыі духоўныя асобы і міністранты вымываюць рукі – гэта таксама прапісана ў распараджэнні.

Ужо праз тыдзень з’явілася паведамленне Пастаяннай рады Канферэнцыі Біскупаў, у якім дыяцэзіяльным біскупам рэкамендавалася ўдзяліць дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікам старэйшага ўзросту, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і тым, хто адчувае страх заражэння. Далучацца да малітвы Касцёла рэкамендавалі праз радыё- і відэатрансляцыі, а таксама – прымаць духоўную св. Камунію.

Па прычыне каронавіруса давялося мінімізаваць удзел у масавых мерапрыемствах, у прыватнасці адмяніць велікапоснае чуванне моладзі, якое павінна было адбыцца ў ноч з 28 на 29 сакавіка ў сталічным касцёле св. Сымона і св. Алены. Затое ў святыні рэалізавалі ўнікальную падзею – разам за краіну маліліся хрысціяне трох канфесій, мусульмане і юдэі.

У адрозненні ад суседніх краін, у Беларусі пакуль працягваецца цэлебрацыя публічных св. Імшаў. Аднак – з прытрымліваннем неабходных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. У прыватнасці, у Гомелі, у дадатак да распараджэнняў епіскапату, кожны, хто прыходзіць на св. Імшу павінен апрацаваць рукі антысептыкам. Для гэтага ў холе святыні дзяжурыць моладзь з сродкамі для дэзінфекцыі, якія набыла парафія.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 сакавіка 2020, 11:16