Пошук

Арцыбіскуп Іван Юркавіч. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Іван Юркавіч. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад занепакоены закрыццём каталіцкіх структур у Эрытрэі

Апостальская Сталіца занепакоена закрыццём і канфіскацыяй каталіцкіх бальніц і школ у Эрытрэі і заклікае ўлады гэтай краіны да канструктыўнага дыялогу.

Пратэст выказаў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў ААН, арцыбіскуп Іван Юркавіч, падчас 43-й сесіі Савета па правах чалавека, якая праходзіць у Жэневе.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што Каталіцкі Касцёл дзейнічае ў адпаведнасці са сваёй прыродай і паўсюднай місіяй, “ажыццяўляючы дабрачынную і сацыяльную працу на карысць усяго насельніцтва, без дыскрымінацыі і з асаблівым акцэнтам на найбольш абяздоленых”. Ён імкнецца садзейнічаць справядлівасці, супакою, згодзе, прымірэнню і дыялогу, а значыць пераследуе гуманітарныя і непалітычныя мэты.

Арцыбіскуп заклікаў улады Эрытрэі пачаць канструктыўны і паважлівы дыялог з Апостальскай Сталіцай дзеля будавання больш мірнай і квітнеючай будучыні, у якой свабода веравызнання будзе паважацца ў адпаведнасці з міжнародным правам дзеля цэласнага развіцця ўсіх. Ватыканскі дыпламат выказаў спадзяванне, што Каталіцкі Касцёл у Эрытрэі будзе карыстацца свабодай у служэнні агульнаму дабру таксама праз свае мясцовыя структуры.

Улады Эрытрэі зачынілі і канфіскавалі некалькі дзясяткаў каталіцкіх шпіталёў і медыцынскіх цэнтраў, а таксама некаторыя навучальныя ўстановы. Прычынай названы закон, прыняты ў 1995 г., згодна з якім дзяржава з’яўляецца адзіным распарадчыкам сацыяльных паслуг.

Згодна з інфармацыяй Папскага фонда “Касцёл у патрэбе”, хоць медыцынскія структуры былі закрыты, каб перайсці дзяржаве, яны дагэтуль не дзейнічаюць. Прадстаўнікі ўлады толькі апячаталі іх, пазбавіўшы насельніцтва неабходных для жыцця паслуг. Апячатаны былі таксама манаскія дамы манаскіх супольнасцей, якія прымыкаюць да медыцынскіх устаноў. Мясцовыя католікі апасаюцца закрыцця 50 школ і больш чым 100 дзіцячых садкоў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Каталіцкага Касцёла.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 лютага 2020, 09:11