Пошук

Vatican News

Святы Пасад на сустрэчы манаскіх настаяцеляў краін Еўропы

Прэфект Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця прыме ўдзел у сустрэчы вышэйшых настаяцеляў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцей Еўропы.

Кардынал Жуан Брас дэ Авіс у сваім выступленні збіраецца прааналізаваць праблемы, якія стаяць перад манаскім жыццём на кантыненце. Госцем форума стане таксама Апостальскі нунцый у Германіі арцыбіскуп Нікола Этэравіч.

Генеральная асамблея Саюза еўрапейскіх канферэнцый вышэйшых настаяцеляў (UCESM) пройдзе 9-14 сакавіка 2020 г. у кляштары нарбертанцаў у баварскім Рагенбургу пад дэвізам “Разам на шляху да вырашэння праблем манаскага жыцця Еўропы”. Арганізатары паведамілі, што ў сустрэчы будуць удзельнічаць 70 чалавек, у тым ліку 45 старшынь і віцэ-старшынь нацыянальных манаскіх канферэнцый, а таксама генеральныя сакратары і дэлегаты з 25 краін кантынента.

“Мы, законніцы і законнікі Еўропы, нават калі жывём у розных культурах і рэаліях, у розных формах, усюды сутыкаемся з вялікімі выклікамі”, - заявіла старшыня нямецкай канферэнцыі манаскіх настаяцеляў, сястра Катарына Клуйтман.

Саюз еўрапейскіх канферэнцый вышэйшых настаяцеляў аб’ядноўвае 39 нацыянальных канферэнцый з 28 краін Еўропы, у агульнай складанасці – каля 250 000 законніц і законнікаў.

У Беларусі існуе Каардынацыйная група вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцей і таварыстваў апостальскага жыцця, але яна не ўваходзіць у структуру Саюза еўрапейскіх канферэнцый.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 лютага 2020, 12:11