Пошук

ortodossiAEM.jpg

Рыхтуецца неафіцыйная каталіцка-праваслаўная сустрэча тэолагаў

Трэцяе пасяджэнне камісіі “Pro Oriente” па экуменічных сустрэчах паміж Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі і Каталіцкім Касцёлам праходзіла ў Вене з 24 па 26 лютага 2020 г.

У сталіцы Аўстрыі сабраліся каталіцкія і праваслаўныя тэолагі. У працы ўдзельнічалі прадстаўнікі Сірыйскай, Копцкай, Эфіопскай, Сіра-Маланкарскай Праваслаўных Цэркваў, Армянскай Апостальскай Царквы. Не была прадстаўлена Эрытрэйская Праваслаўная Царква. А. Гіяцынт Дэстывель у якасці назіральніка прадстаўляў Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Размовы былі засяроджаныя на абмене інфармацыяй адносна афіцыйных і неафіцыйных кантактаў паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі, а таксама на падрыхтоўцы другога раунда кансультацый у рамках Камісіі па экуменічных сустрэчах.

“Pro Oriente” складаецца з прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і кожнай з Усходніх Праваслаўных Цэркваў, а таксама назіральнікаў і кансультантаў. Яна была створана ў Вене ў лістападзе 2015 г. для прасоўвання неафіцыйнай каталіцка-праваслаўнай акадэмічнай сустрэчы. Першы раунд кансультацый быў арганізаваны ў Вене ў 2016 г. на тэму “Прыкметы камуніі і зносін пасля падзелу”.

27 лютага 2020, 13:50