Пошук

Vatican News
Кардынал Сугарыё і папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Сугарыё і папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал пра падрыхтоўку візіту Святога Айца ў Інданезію

Арцыбіскуп Джакарты, кардынал Ігнацыус Сугарыё, распавёў, што ў сакавіку ў Інданезіі чакаецца ватыканская дэлегацыя, якая прыбудзе ў сувязі з падрыхтоўкай візіту Папы ў гэту краіну.

Афіцыйна аб падарожжы Францішка ў Інданезію яшчэ не паведамлялася, аднак, паводле іерарха, гэты візіт плануецца на верасень 2020 г. У яго рамках Пантыфік можа наведаць яшчэ дзве азіяцкія краіны: Усходні Тымор і Папуа-Новую Гвінею.

Кардынал Сугарыё заўважыў, што Папа мог бы ўзначаліць св. Імшу на стадыёне імя Гелора Бунг Карна ў Джакарце, адведаць сталічную мячэць Істыкляль, сустрэцца з дзяржаўнымі і касцёльнымі ўладамі, духавенствам і кансэкраванымі асобамі.

“Існуюць такія задумы. Ватыканская дэлегацыя плануе прыбыць у Інданезію напрыканцы сакавіка. Затым адбудзецца афіцыйнае абвяшчэнне”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю інданезійскаму выданню “The Jakarta Post”.

Францішак атрымаў запрашэнне наведаць Інданезію 29 студзеня 2020 г. Яго ўручыў кардыналу Дзяржсакратару Пьетра Параліну пасол гэтай краіны пры Святым Пасадзе.

Інданезія – гэта самая вялікая мусульманская краіна ў свеце: 86% яе 260-мільённага насельніцтва вызнае іслам. Католікаў – каля 7 мільёнаў.17 жніўня 1945 г. Святы Пасад першым прызнаў незалежнасць краіны. Добрыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Інданезіяй былі ўмацаваны шэрагам папскіх візітаў: у 1970 г. тут быў св. Павел VI, а ў 1989 г. – св. Ян Павел ІІ.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 лютага 2020, 09:46