Пошук

Vatican News
Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Кардынал Паралін: Касцёл – на шляху да Валадарства Божага

Хрысціяне не з’яўляюцца “Валадарствам Божым, якое ўжо ўсталявалася”; яны толькі на шляху да яго, перакананы Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

Кардынал Пьетра Паралін даў інтэрв’ю з нагоды свайго удзелу ў Міжнародным сімпозіуме “Педагогіка святасці. Усеагульны выклік для свецкіх вернікаў”. Форум, арганізаваны Фондам “Каталіцкае дзеянне”, праходзіць 5-9 лютага 2020 г. у Рыме.

У размове з журналістамі пурпурат выказаў занепакоенасць тым, што занадта часта Касцёл падаецца як месца супрацьстаяння паміж рознымі фракцыямі, палітычнымі сіламі і аб’яднаннямі, і перасцярог, што звядзенне Касцёла да такіх катэгорый для яго “смяротна”.

Успрымаючы Касцёл выключна такім чынам, мы не бяром пад увагу таго, чым ён з’яўляецца насамрэч, выказаў перакананне кардынал Паралін і ў сувязі з гэтым заклікаў “узняцца вышэй за такія крытэрыі”, каб “убачыць, колькі добрага і станоўчага робіць Касцёл, нават сярод цяжкасцей, якія складаюць частку любых чалавечых адносін”.

Ён прызнаў, што ў Касцёле ёсць усё, у тым ліку і грэх, з якога трэба штодня навяртацца. Хрысціяне, працягнуў пурпурат, не з’яўляюцца “Валадарствам Божым, якое ўжо ўсталявалася”; яны толькі на шляху да яго.

Нарэшце, каментуючы распаўсюджаныя ў СМІ тэзісы адносна двух Пап у Ватыкане, Дзяржсакратар Яго Святасці лаканічна патлумачыў, што “ёсць толькі адзін Папа, таму што Папам з’яўляецца той, хто надзелены папскай уладай; хто больш не ажыццяўляе папскай улады, той ужо не з’яўляецца Папам”.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
07 лютага 2020, 15:08