Пошук

Яслі пад назвай “Няхай Мама адпачне” Яслі пад назвай “Няхай Мама адпачне” 

“L’Osservatore Romano” пра пяшчотнасць Сям’і з Назарэта

Агляд твораў хрысціянскай іканаграфіі, якія імкнуцца прадставіць Святую Сям’ю з пункту гледжання паўсядзённасці, блізкай звыклым людзям, з’явіўся на старонках ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”.

Артыкул Луча Брунэлі пад назвай “Пяшчотнасць Сям’і з Назарэта” можна прачытаць у выпуску ад 2 снежня 2020 г. У ім аўтар аналізуе абразы, якія робяць акцэнт на клапатлівасці св. Юзафа: Абраннік Дзевы Марыі клапоціцца пра нованароджанага Езуса, даючы Ёй магчымасць адпачыць.

У гэтым літургічным годзе адмысловы сюжэт прыцягнуў да сябе асаблівую ўвагу пасля агульнай аўдыенцыі 18 снежня 2019 г. у Ватыкане, падчас якой папа Францішак расказаў пра атрыманыя ў якасці падарунку мініяцюрныя яслі пад назвай “Дазволім маці адпачыць”.

“Учора мне падарылі маленькую выяву незвычайных ясляў. Яны называліся “Дазволім маці адпачыць”. У іх была фігурка Маці Божай, якая спіць, і св. Юзафа, які кладзе спаць Дзіцятка. Колькі з вас, мужоў і жонак, вымушана чуваць у ночы па чарзе пры дзіцятку, якое плача. “Дазволім маці адпачыць” – гэта пяшчота сям’і, сужэнства...”, - заўважыў Пантыфік.

“Па-сапраўднаму любячы сваю жонку, ён [св. Юзаф] не чакае эмансіпацыйных рухаў XX ст., каб зрабіць свой унёсак у выкананне хатніх абавязкаў, але спакойна калыхае Дзіцё, даючы Марыі крыху перадыхнуць. Бо Марыя пазбаўлена першароднага граху, але не цяжкасцей мацярынства”, - гаворыцца ў артыкуле Брунэлі.

Прааналізаваўшы традыцыю адлюстравання Святой Сям’і, ён прыйшоў да высновы, што “вобраз, апісаны Папам, не такі ўжо нязвыклы і “сучасны”, як можна было б падумаць”.

Так, у музеі Фіцуільяма ў Кембрыджы захоўваецца французскае выданне “Часаслова” 1450 г. На адной з выяў, якімі аздоблена кніга, адлюстраваны св. Юзаф, які сядзіць на зямлі ў пячоры: ён трымае на руках Немаўля, у той час як Марыя адпачывае за чытаннем малітоўніка.

У мастацкім музеі Маера ван дэн Берга ў бельгійскім Антверпене можна ўбачыць абраз, намаляваны ў Галандыі каля 1400 г., які паказвае, як св. Юзаф, седзячы на падлозе каля ложка, на якім адпачывае Марыя, раздзірае свае шкарпэткі, каб зрабіць з іх пялёнкі для Дзіцятка Езуса і ўратаваць Яго ад холаду.

У нямецкім і фламандскім мастацтве XIV-XV стст. можна знайсці сюжэты, што паказваюць св. Юзафа, занятага хатнімі клопатамі: сагравае адзенне для Святога Немаўля, гатуе абед для сям’і, распальвае агонь, каб забяспечыць цяплом бэтлеемскую пячору.

“Надзвычай чалавечныя моманты самай святой з сем’яў, у чыіх паўсядзённых справах кожная чалавечая сям’я магла ўбачыць свой адбітак і знайсці суцяшэнне. Боскае, вельмі моцна змяшанае з чалавечым”, - заўважае аўтар артыкула.

Ён выказвае меркаванне, што ў першыя стагоддзі хрысціянства такі падыход выклікаў бы абурэнне ў шэрагах паслядоўнікаў дакетызму, якія адмаўлялі чалавечую прыроду Хрыста, і, нібы ў адказ ім, заключае: “Сумненні ганарыстых інтэлектуалаў”.

“Для народу пакорных, святога Божага народу, таямнічая чалавечнасць гэтага Дзіцяці, вера Марыі і працавітая пяшчотнасць Юзафа заўсёды былі і застаюцца падставай для здзіўлення, хвалявання і надзеі”, - напісаў Луча Брунэлі.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 студзеня 2020, 15:13