Пошук

2019.11.12-libri-editrice-cattolica-bielorussa-01.jpg

Беларусь: у Пінску развіваецца дыяцэзіяльнае выдавецтва

Пінскае дыяцэзіяльнае выдавецтва, якім кіруе кс. Пётр Бялевіч OMI, рыхтуе да друку новыя кнігі, некаторыя выйдуць у свет да канца гэтага года. Людзі пытаюцца пра іх, шукаюць і чакаюць.

У першую чаргу, гэта малітва верных на беларускай мове. Выданне не арыгінальнае – гэта пераклад з польскай мовы, – але доўгачаканае. Як і іншыя каталіцкія кнігі, што з’яўляюцца ў Беларусі.

Святар узгадвае першую кнігу выдавецтва – малітоўнік, які на працягу трох гадоў перавыдаваўся двойчы. “Малітоўнік “Бог добры” мае больш за тысячу старонак, ён вельмі папулярны ва ўсёй Беларусі. Людзі па сённяшні дзень шукаюць, пытаюць, дзе знайсці. І яны моляцца – гэта для нас важна”, - адзначыў кіраўнік.

Чым яшчэ ганарыцца выдавецтва? Гэта і Парафіяльная агенда, і кніга з поўным цыклам катэхез для дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай св. Камуніі, і разважанні да Крыжовага Шляху.

Апошняя кніга – вельмі цікавы вопыт, падкрэсліў кс. Бялевіч. Гэта не копія і не пераклад, а 50 разважанняў парафіян Пінскай катэдры, якія былі агучаны ў дні Вялікага посту на працягу пяці гадоў – з 2013 па 2017 гг. Сёння попыт і на гэту кнігу ёсць, асабліва сярод свецкіх вернікаў.

У апошні час кс. Пётр працуе ў Мінску, тут будуецца новы касцёл, які, спадзяецца, таксама стане і цэнтрам выдавецкай дзейнасці. “Пасля будаўніцтва касцёла, запланавана ўзвядзенне капліцы. Спадзяюся, што там знойдзецца месца і для выдавецтва, мне б вельмі хацелася. Бо гэта евангелізацыя. Вось прыходзіць да мяне мужчына 50-60 гадоў і кажа, што хадзіў бы ў Касцёл, але саромеецца, што не ведае, як сябе паводзіць, і спытаць саромеецца. І кажа, калі б была своеасаблівая інструкцыя... І мы рыхтуем такую брашуру, гэта пераклад з польскай: як прыходзіць у Касцёл, у чым быць апранутым, як падысці да святара, як паводзіць сябе. На маю думку, вельмі карысная кніжка”, - паведаміў пра планы святар.

Не менш актуальным, спадзяецца кіраўнік выдавецтва, будзе і новае выданне Біблійнай агенды. “У гэтым годзе мы падрыхтавалі ўжо 10-е выданне Біблійнай агенды. Я б назваў гэта Евангеллем на кожны дзень. Ва ўступленні да Агенды на 2020 г. мы працытавалі словы папы Францішка, які задае пытанне: “Уявіце сабе, калі людзі б даставалі з кішэні Евангелле столькі разоў, колькі дастаюць мабільны тэлефон... Як змяніўся б свет?”, - дадае кс. Пётр.

Сапраўды, свет змяніўся б. А чалавек пачынае змяняцца пасля таго, як прачытае кнігу. І каталіцкая кніга адкрывае новы, больш дасканалы свет, часткай якога хочацца быць.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 лістапада 2019, 11:37