Пошук

1AEM.jpg

Кангрэс “Renovabis”: душпастырства ў мегаполісах

Ад Брусэля да Тбілісі і ад Чыкага да Мюнхена – такая ў гэтым годзе геаграфія ўдзельнікаў 23-га Міжнароднага кангрэса Renovabis. Прысвечаны форум выклікам, якія стаяць перад Касцёлам у вялікіх гарадах.

Духавенства, тэолагі, эксперты вырашылі звярнуць увагу на так званы “касцёльны ландшафт”, які пацярпеў значныя змены ў XX стагоддзі. Справа ў тым, што раней рэлігійнае жыццё было сканцэнтравана ў сельскай мясцовасці ў “класічных” парафіях. Але потым – хуткая індустрыялізацыя і як наступства – урбанізацыя: жыхары сталі масава з’язджаць з малых гарадоў і вёсак у мегаполісы. А гэта павінна змяніць і падыходы ў душпастырскай дзейнасці Касцёла. Так лічыць кс. Дзмітрый Пухальскі, прадстаўнік арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Кангрэсе.

“Сітуацыя развіваецца так, што сёння да 70% католікаў жыве ў вялікіх гарадах. Яшчэ 30 гадоў таму прапорцыя была зусім іншай. Раней людзі з вялікіх гарадоў прыязджалі ў вёску да бацькоў і праходзілі там падрыхтоўку да сакрамэнтаў. Сёння – зусім наадварот: чалавек з невялікага гораду або вёскі імкнецца ў мегаполіс. Таму натуральна, што Касцёл змяняецца і змяняюцца душпастырскія патрабаванні. У наш час не дастаткова класічнага сакрамэнтальнага душпастырства, неабходна каб людзі, якія маюць адпаведны інтэлектуальны ўзровень, таксама знайшлі сваё месца ў Касцёле”, - адзначыў кс. Пухальскі.

Касцёл таксама не можа не заўважаць змены ў палітычнай і грамадскай сітуацыі. Другая сусветная вайна, якая закранула амаль усе кантыненты, камунізм, наступствы якога Усходняя Еўропа адчувае да гэтага часу, секулярызацыя ў цэнтры і на захадзе Еўропы – усё гэта дыктуе новыя формы душпастырскай працы. Магчыма, розныя для Касцёла, напрыклад, у Германіі і ў Беларусі, але дзеля адзінай мэты. Сёння ўдзельнікі кангрэса жадаюць дзяліцца вопытам.

“Канферэнцыя Біскупаў Беларусі штогод распрацоўвае спецыяльныя душпастырскія праграмы, якіх прытрымліваюцца парафіі: там і культурныя ініцыятывы, і пілігрымкі – гэта і аднаразовыя, і доўгатэрміновыя праеты”, - паведаміў кс. Дзмітрый.

Удзельнікі Кангрэса ў зале пасяджэнняў
Удзельнікі Кангрэса ў зале пасяджэнняў

Індустрыялізацыя і ўрбанізацыя назаўсёды змянілі вобраз каталіцкай парафіі. Тут і тэрытарыяльны разрыў паміж месцам працы і домам. Адсутнасць сувязей паміж суседзямі, хуткасць і стыль самога жыцця ў мегаполісе, дзе больш праяўляецца рэлігійная абыякавасць і вальнадумства. Сваю прыналежнасць да Касцёла шматлікія вернікі ўспрымаюць фармальна. Краіны Заходняй Еўропы часта вызначаюць як секулярызаванае постхрысціянскае грамадства, дзе рэлігійныя адносіны ўжо не з’яўляюцца часткай грамадскага жыцця. Прасцей кажучы, грамадства пачынае меркаваць, што яно пераадолела хрысціянства, а такія каштоўнасці як свабода, павага да чалавечай асобы, прызнанне яе ўнікальнасці, ісціна, справядлівасць перастаюць быць аксіёмай. Тут самай распаўсюджанай рэакцыяй на веру становіцца тое, што ад яе проста адмахваюцца. На першым плане – кар’ера, багацце.

Падчас прэс-канферэнцыі
Падчас прэс-канферэнцыі

Сітуацыя ўскладняецца мультырэлігійнасцю. Іслам – другая па колькасці рэлігія, напрыклад, у Францыі. У Вялікабрытаніі жывуць мільёны асоб індыйскага паходжання, многія – мусульмане. Мусульмане, у асноўным туркі, жывуць у Германіі. У Беларусі карціна іншая – тут хрысціянства асноўная рэлігія, а існаванне іслама і юдаізма – гістарычная традыцыя. Але найперш буйныя гарады – проста цэнтр гэтага шматканфесійнага жыцця.

Як спраўляцца з душпастырскімі праблемамі ў гарадскіх раёнах, горад як “майстэрня” евангелізацыі – гэта толькі некалькі пытанняў, якія ўздымуць удзельнікі кангрэса. Шэсць рабочых груп абмяркуюць, як Касцёл рэагуе на асаблівыя патрэбы людзей, якія жывуць у горадзе. А абмен думкамі экспертаў з краін-партнёраў Renovabis у гэтыя два дні Кангрэсу будзе мець асабліва важнае значэнне.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 верасня 2019, 16:26