Cerca

Vatican News
Сустрэча Папы з чылійскім епіскапатам. Ілюстрацыйнае фота Сустрэча Папы з чылійскім епіскапатам. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: абараніць нявінныя сэрцы дзяцей

Папа падкрэсліў важнасць узнікнення ў Чылі спецыяльнага Цэнтра па прадухіленні сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх, а таксама выказаў удзячнасць яго заснавальнікам.

Падчас урачыстай інаўгурацыі новай структуры, якая прайшла 15 жніўня 2019 г. у Сант’яга, было прадстаўлена відэа-пасланне Святога Айца, у якім ён заклікаў зрабіць усё магчымае, каб абараніць ад насілля нявінныя сэрцы дзяцей.

Праект “Centrum Cuida” паўстаў у выніку супрацоўніцтва паміж Чылійскім каталіцкім універсітэтам і асацыяцыяй “Fundación para la Confianza”, якая была створана ахвярамі сексуальных злоўжыванняў, здзейсненых былым святаром Фэрнанда Карадзімам.

“Я хацеў бы прысутнічаць пры адкрыцці “Centrum Cuida”. Гэта ўстанова павінна займацца вырашэннем не толькі бягучых праблем і прадухіленнем такіх дзеянняў, але таксама праводзіць даследаванні і распрацоўваць стратэгію абароны ўсё большай колькасць непаўналетніх ад таго, што з’яўляецца выразам злоўжыванняў, розных форм маніпуляцыі, ад усяго, што так ці інакш знішчае іх сэрцы”, - падкрэсліў Папа.

“Centrum Cuida” – акадэмічная ўстанова, мэтай якой з’яўляецца правядзенне навуковых даследаванняў, прасоўванне палітычных рашэнняў, развіццё сродкаў прафілактыкі і канкрэтных ініцыятыў, у рамках якіх навукоўцы і эксперты ў розных галінах будуць сумесна працаваць над падрабязным вывучэннем пытанняў, звязаных з прадухіленнем сексуальных злоўжыванняў адносна непаўналетніх.

На працягу некалькіх апошніх гадоў у Касцёле ў Чылі адбываюцца грунтоўныя працэсы, накіраваныя на стварэнне бяспечных умоў для непаўналетніх у каталіцкіх структурах. Яны былі выкліканы адкрыццём фактаў сексуальных злоўжыванняў, учыненых Фэрнанда Карадзімам, у далейшым пазбаўленым святарскага сану, а таксама замоўчваннем гэтых злачынстваў некаторымі біскупамі.

15-17 мая 2018 г. Святы Айцец запрасіў у Ватыкан увесь чылійскі епіскапат на спецыяльную сустрэчу, прысвечаную сітуацыі ў мясцовым Касцёле і праблеме абароны непаўналетніх. Яна праходзіла за закрытымі дзвярыма. Падчас нарады ўсе члены Канферэнцыі Біскупаў Чылі склалі просьбы аб адстаўцы. Некаторыя з іх Папа прыняў.

З красавіка 2018 г. Францішак рэгулярна сустракаецца з ахвярамі сексуальных злоўжыванняў у Касцёле ў Чылі. Гэтыя сустрэчы праходзяць таксама за закрытымі дзвярыма ў Доме св. Марты – цяперашняй ватыканскай рэзідэнцыі Пантыфіка.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 жніўня 2019, 11:02