Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Евангелізацыя Азіі: новая духоўная семінарыя ў кітайскім Макао

У верасні 2019 г. у Макао, спецыяльным адміністрацыйным раёне Кітая, адкрываецца каталіцкая духоўная семінарыя “Redemptoris Mater” для евангелізацыі Азіі.

Новая ўстанова, даручаная руху Неакатэхуменальны шлях, будзе непасрэдна падпарадкоўвацца Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

Журналіст Андрэа Гальярдучы нагадвае, што яшчэ св. Ян Павел II у сваёй энцыкліцы Redemptoris Missio разглядаў Азію ў якасці месца назначэння для місійнай дзейнасці. Цяпер жа, напярэдадні місійнага месяца ў Каталіцкім Касцёле, якім аб’яўлены кастрычнік 2019 г., калі будзе адзначацца сотая гадавіна першай “місійнай” энцыклікі XX ст. – Maximum Illud Бэнэдыкта XV, Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў аб’явіла аб адкрыцці семінарыі ў Макао.

Ватыканіст італьянскага ACI Stampa спасылаецца на кардынала Фернанда Філоні, прэфекта ўзгаданай Кангрэгацыі, які раней адзначаў, што новая семінарыя “зможа мець асобныя філіялы ў іншых мясцовасцях ці краінах”, а “падрыхтаваныя там кандыдаты да святарства будуць потым суправаджаць жыццё і рост мясцовых каталіцкіх супольнасцей праз рухомую евангелізацыю, у якой святарам будуць дапамагаць цэлыя сем’і, што прайшлі фармацыю ў Неакатэхуменальным шляху.

Выбар Макао ў якасці месца заснавання ўстановы сімвалічны, піша Гальярдучы. У мінулым партугальская калонія, якая набыла статус спецыяльнага адміністрацыйнага рэгіёну Кітая, Макао прэтэндуе на ролю галоўнага аванпорту ў стасунках з Пекінам. З 2018 г. дзейнічае часовая дамоўленасць паміж Святым Пасадам і КНР адносна прызначэння біскупаў. Там паспела сфарміравацца і хрысціянская супольнасць, аб якой трэба клапаціцца і высылаць новых місіянераў.

Дэкрэт аб зацвярджэнні Калегіума Redemptoris Mater для евангелізацыі Азіі быў падпісаны кардыналам-прэфектам Фэрнанда Філоні 29 чэрвеня 2019 г. са згоды і з благаслаўлення папы Францішка.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 жніўня 2019, 13:39