Пошук

Vatican News
Дэлегацыя дыяцэзіі Лінц з дырэктарам “Карытас-Міласэрнасць” і сёстрамі-бэнэдыктынкамі Дэлегацыя дыяцэзіі Лінц з дырэктарам “Карытас-Міласэрнасць” і сёстрамі-бэнэдыктынкамі 

Дэлегацыя аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц наведвае Беларусь

Дэлегацыя з аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц на чале з біскупам Манфрэдам Шоерам наведвае Беларусь. Партнёры хочуць пазнаёміцца з працай “Карытас” у Беларусі і абмеркаваць новыя сумесныя праекты.

Менавіта Аўстрыя – адна з самых актыўных краін у развіцці сацыяльнай працы і спраў міласэрнасці ў Беларусі. Асабліва плённае супрацоўніцтва наладжана з “Caritas Linz”.

Спачатку госці прыбылі ў Мінск, затым – у Гомель. Як паведаміў Беларускай рэдакцыі Vatican News дырэктар гомельскай дабрачыннай каталіцкай місіі “Карытас-Міласэрнасць” кс. Юры Варанко, Беларусь – гэта сфера дапамогі для дабрачынцаў з Верхняй Аўстрыі.

“Гэта даўні, сур’ёзны і надзейны партнёр для ўсіх “Карытас” у Беларусі. З іх дапамогай мы рэалізавалі і рэалізоўваем зараз шмат праектаў. Адзін з найбольшых – Дзіцячая вёска для інвалідаў і будаўніцтва другой чаргі праекта. Вельмі прыемна, што можам прымаць такіх гасцей і дзяліцца ўражаннямі, паказваць нашыя сумесныя дасягненні”, - сказаў кс. Варанко.

У Гомелі аўстрыйцы пазнаёміліся з мясцовай святыняй, сустрэліся з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, наведалі Дом міласэрнасці Місіянерак любові, Дзіцячую вёску, а таксама пабывалі ў сем’ях з вёсак Рагачоўскага раёна, дзе быў рэалізаваны цікавы праект – набыццё для прыватнай гаспадаркі хатніх жывёлаў.

Госці з Лінца наведваюць гомельскую дзіцячую вёску
Госці з Лінца наведваюць гомельскую дзіцячую вёску

Біскуп Лінца Манфрэд Шоер – упершыню ў Беларусі. Ён прызнаўся, што ўражаны гасціннасцю беларусаў, тым, якое сведчанне Евангелля дае мясцовы Касцёл, і тым, якія праекты тут рэалізуюцца.

“Калі мы пачыналі дапамагаць Усходняй Еўропе, каля 30 гадоў таму, сітуацыя ў Беларусі была горшай, і ў Аўстрыі больш казалі пра вашу краіну. Дзякуй Богу, што ўсё палепшылася, і дапамога ў такім аб’ёме, як раней, ужо не патрабуецца. Зараз у свеце шмат войнаў і іншых крызісных сітуацый, якія прыкоўваюць увагу людзей, але ўсё ж наша дыяцэзія адчувае сябе вельмі звязанай з Касцёлам і людзьмі ў Беларусі, таму наша супрацоўніцтва з вамі нам вельмі важнае і мы будзем яго працягваць”, - запэўніў біскуп Лінца.

У складзе дэлегацыі таксама – супрацоўнік “Caritas Linz”, каардынатар праектаў у Беларусі, Зігрыд Шпіндльбэк. Яна прызналася, што рада сёлетняму візіту: “Мае ўражанні, як заўсёды ў Беларусі, вельмі добрыя, бо кожны раз, калі прыязджаю сюды, бачу, як развіваюцца дзеці ў інтэрнаце, як развіваюцца Касцёл і краіна. Я рада, што ў сябе дома магу паказаць, наколькі каштоўная наша дапамога – што разам мы можам дапамагаць людзям, якія маюць патрэбу”.

Далей у праграме візіту аўстрыйскай дэлегацыі – Віцебск, Смаргонь, Гродна ды іншыя месцы, дзе працуе “Карытас”.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 жніўня 2019, 11:51