Cerca

Vatican News
Касцёл у Меджугор'і. Ілюстрацыйнае фота Касцёл у Меджугор'і. Ілюстрацыйнае фота 

Апостальскі візітатар для Меджугор’я: людзі шукаюць духоўнасці

Каля трох мільёнаў пілігрымаў штогод наведвае Меджугор’е, распавёў каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “SIR” Апостальскі візітатар для мясцовай парафіі.

Арцыбіскуп Генрык Хосэр звярнуў увагу на тое, што колькасць вернікаў, якія прыбываюць у Меджугор’е, значна павялічылася пасля дазволу на арганізацыю афіцыйных пілігрымак у гэта месца, які ў маі 2019 г. даў Святы Айцец. Большасць пілігрымаў прыбывае з Італіі, Польшчы і балканскіх краін.

“Вельмі складана патлумачыць, што іх прываблівае. Гэта нешта непазнавальнае. Людзі шукаюць духоўнасці, якую могуць знайсці ў малітве, эўхарыстычнай адарацыі, разважанні над Божым словам, сакрамэнце споведзі менавіта тут, у Меджугор’і”, - падкрэсліў ён.

Іерарх нагадаў, што ў ліпені ў гэтым невялікім мястэчку ў Босніі і Герцагавіне прайшоў ХХХ Моладзевы фестываль, у якім прынялі ўдзел Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, кардынал Анджэла Дэ Данаціс, і старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела. “Гэта знак сувязі паміж Меджугор’ем, Паўсюдным Касцёлам і Святым Пасадам”, - дадаў ён.

Гаворачы аб сваёй місіі, арцыбіскуп Хосэр заўважыў, што яна заключаецца ў забеспячэнні годнага прыёму пілігрымаў, не толькі з лагістычнага пункту гледжання, але галоўным чынам з духоўнага. “Гэта вельмі складанае заданне, бо вельмі павялічылася колькасць пілігрымаў, якія паходзяць з розных частак свету. Яны патрабуюць суправаджэння на сваёй роднай мове, для гэтага ў нас ёсць шаснаццаць кабін для сінхроннага перакладу літургіі і катэхез”, - падзяліўся прадстаўнік Папы.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 жніўня 2019, 11:04