Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак Касцёлу ў Германіі: ісці разам, натхнёныя Духам Святым

Святы Айцец скіраваў адмысловы ліст Касцёлу ў Германіі, каб духоўна падтрымаць яго ў рашэнні распачаць сінадальны шлях пераўтварэнняў.

Падчас Пленарнай асамблеі ў сакавіку 2019 г. нямецкія біскупы прынялі рашэнне ўступіць на сінадальны шлях і разам з прадстаўнікамі свецкіх вернікаў і знешнімі экспертамі абмеркаваць цэнтральныя тэмы крызісу, у якім апынуўся мясцовы Касцёл. Пачаткам для гэтага паслужыла даследаванне, ініцыяванае самімі біскупамі, адносна сексуальных злоўжыванняў з боку духавенства, а таксама праблем старэння супольнасці, недахопу пакліканняў, няздзейсненага прыняцця каталіцкай дактрыны па пытаннях сексуальнай сферы, адносна вобразу жыцця святароў.

У лісце Пантыфік не дае канкрэтных адказаў на гэтыя пытанні, але прапануе духоўную аснову для ўзнятай дыскусіі і заахвочвае разглядаць праблемы ў перспектыве адзінства Касцёла. “Кожны раз, калі рэлігійная супольнасць намагалася выйсці са сваіх праблем самастойна, разлічваючы толькі на ўласныя сілы, метады і розум, яна толькі памнажала і жывіла зло, якое хацела пераадолець”, - перасцерагае Францішак.

Святы Айцец падкрэслівае цэнтральнае значэнне веры, евангелізацыі і асабліва Духа Святога. Ён заўважае, што для распачацця сінадальнага шляху патрэбна вялікая мужнасць і адначасова разважлівасць, каб не трапіць у пасткі, якія называе “спакусамі”.

У іх аснове, па словах Папы, – упэўненасць, што найлепшы адказ на многія праблемы ў тым, каб рэарганізаваць, змяніць і зноў упарадкавана скампанаваць тыя ці іншыя рэчы. “Арганізаваная касцёльная рэчаіснасць нічога не вырашае, перакананы Пантыфік, патрэбна свежасць Евангелля.

Папа кажа пра неабходнасць “душпастырскага навяртання” і пра евангелізацыю як галоўны і самы лепшы крытэрый, якім трэба кіравацца. Евангелізацыя, па яго словах, не павінна ажыццяўляцца ні як тактыка дастасавання Касцёла да сучасных умоў, ні як спроба аднавіць звычаі і практыкі, якія маюць сэнс у іншых культурных асяроддзях.

Мэтай рэформы ў існуючым кантэксце культуры адкідання і ксенафобных настрояў павінен быць выхад насустрач сёстрам і братам, асабліва тым, што знаходзяцца на перыферыі, найбольш слабым, перакананы Папа.

Пантыфік заклікае Касцёл у Германіі “ісці разам па дарозе, як апостальскі арганізм, і слухаць адзін аднаго пад кіраўніцтвам Духа Святога”.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 чэрвеня 2019, 13:22