Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папскі пасланнік з візітам у Шры-Ланцы

Кардынал Фэрнанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі па справах евангелізацыі, распачаў трохдзённы візіт у Шры-Ланку. Яго мэта – выказаць салідарнасць Папы мясцовай каталіцкай супольнасці.

Кардынал прыбыў у Шры-Ланку праз месяц пасля тэракту, які адбыўся на востраве ў велікодную нядзелю, 21 красавіка 2019 г.. Тады тэрарысты прывялі ў дзеянне выбуховыя прыстасаванні ў двух каталіцкіх касцёлах, пратэстанскім храме і гатэлі, у выніку чаго загінулі 258 чалавек.

22 мая 2019 г. пасланнік Папы прыняў удзел у цырымоніі асвячэння вуглавога каменя будучай сталоўкі для бедных, якая будзе адкрыта пры касцёле св. Антонія ў Каломба, моцна пашкоджаным падчас тэракту. Ватыканскі прэфект ад імя Святога Айца выразіў салідарнасць і падтрымку родным і блізкім загінулых.

Кардынал Філоні сустрэўся з Прэзідэнтам Шры-Ланкі і з мясцовымі біскупамі, якіх заклікаў надаваць увагу місіянерскай і выхаваўчай працы.

23 мая іерарх наведаў другі каталіцкі храм, які стаў мішэнню тэрарыстаў у велікодную нядзелю – касцёл св. Себасціяна ў Негомба. У гэтым горадзе ён асвяціў вуглавы камень для новай капліцы на мясцовых могілках і таксама сустрэўся са сваякамі ахвяр тэракту.

У апошні дзень візіту, 24 мая, кардынал Фэрнанда Філоні правядзе сустрэчу з мясцовым духавенствам і кансэкраванымі асобамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 мая 2019, 13:25