Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканская дэлегацыя на міжнародным форуме ў Маскве

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і старшыня Папскай акадэміі жыцця прыбылі ў Маскву з нагоды трэцяй гадавіны сустрэчы Святога Айца Францішка і Патрыярха Кірыла на Кубе.

Кардынал Курт Кох і арцыбіскуп Вінчэнца Палья прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі на тэму: “Смерць і паміранне ў тэхналагічным грамадстве: паміж біямедыцынай і духоўнасцю”, якая прайшла 12 лютага 2019 г. у Агульцаркоўнай аспірантуры і дактарантуры імя святых раўнаапостальных Кірыла і Мятода ў расійскай сталіцы.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форума, кардынал Кох нагадаў пра шматлікія сумесныя ініцыятывы Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы, якія мелі месца на працягу некалькіх мінулых гадоў і спрыяюць таму, каб “залатаць, радок за радком, разарваны хітон Хрыста”.

Іерарх падкрэсліў, што пытанне аб заканчэнні чалавечага жыцця сёння прадстае ў новай форме, дзякуючы дасягненням у навуцы і медыцынскай тэхналогіі. У сучасную эпоху “смерць звычайна наступае ў бальніцы, у выніку медыцынскага рашэння аб спыненні лячэння або адмаўленні ад яго распачацця”. Гэта ставіць перад хрысціянамі пытанне аб сэнсе цярпенняў і аб годнасці хворага, дадаў кардынал.

Старшыня Папскай рады нагадаў пра гісторыю каталіцкага вучэння адносна абароны чалавечага жыцця, пачынаючы ад выказванняў Пія ХІІ ў абарону паліатыўнага лячэння і завяршаючы зваротам Францішка да Сусветнай асацыяцыі ўрачоў, які падкрэсліў: “Мы ведаем, што не заўсёды можна гарантаваць аздараўленне, але мы заўсёды можам і абавязаны гарантаваць лячэнне”.

У сваю чаргу арцыбіскуп Вінчэнца Палья, гаворачы аб паліатыўным лячэнні, падкрэсліў, што хворая асоба ніколі не павінна пакідацца ў самотнасці. Паводле іерарха, просьбы аб эўтаназіі і самагубстве пры садзейнічанні ўрачоў амаль заўсёды паступаюць ад людзей, якія адчуваюць сябе пакінутымі, як з медыцынскага, так і сацыяльнага пункту гледжання.

“Як толькі мы будзем аказваць належны шматбаковы клопат аб пацыенце, з пазітыўным прыцягненнем сеткі сяброўскіх і прафесійных узаемаадносінаў, просьба аб смерці стане вельмі рэдкай з’явай”, - перакананы старшыня Папскай акадэміі жыцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лютага 2019, 14:04