Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец прыняў удзельнікаў капітула Ордэна капуцынаў

Сапраўдная веліч заключаецца ў тым, каб стаць малымі і служыць, нагадаў Папа ўдзельнікам Генеральнага капітула Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, якіх 14 верасня 2018 г. прыняў у Ватыкане.

Святы Айцец звярнуўся да сваіх гасцей з сардэчнымі пастырскімі настаўленнямі, а перад гэтым уручыў ім тэкст прамовы, якую падрыхтаваў загадзя. У ёй Пантыфік адзначыў важнасць жыцця у духу бескарыслівасці, пакоры і велікадушнасці для законнікаў, каб мелі магчымасць рэалізаваць тую “меншасць”, якая характарызуе вучняў св. Францішка Асізскага.

“Яна з’яўляецца каштоўным дарам і вялікай патрэбай для Касцёла і чалавецтва нашага часу. Так дзейнічае Пан: усё робіць з прастатой. Пакора і прастата – гэта стыль Бога, і гэты стыль мы ўсе, хрысціяне, пакліканы прыняць у наша жыццё і нашу місію. Сапраўдная веліч заключаецца ў тым, каб стаць малымі і служыць”, - напісаў Папа.

Францішак зазначыў, што праз “меншасць” у сэрцы і ладзе жыцця, капуцыны падтрымліваюць евангелізацыйную дзейнасць усяго Касцёла, асабліва патрэбную ў наш час, які “дэманструе знакі відавочнага духоўнай і маральнай трагедыі, выкліканай згубай надзейных і суцяшаючых кропак апоры, што дае вера”.

“Як жа моцна сёння людзі патрабуюць, каб іх прынялі, выслухалі, прасвятлілі з любоўю! (...) Не пераставайце быць настаўнікамі малітвы, культывуйце моцную духоўнасць, якая заклікае ўсіх да таго, што “ў вышынях””

- заклікаў законнікаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што для больш пераканаўчага евангельскага сведчання важна, каб структуры Ордэна выражалі сціпласць і ўмеркаванасць, каб кіраванне эканамічнымі рэсурсамі здзяйснялася з празрыстасцю і прафесійнасцю, а ў супольнасцях панавалі адзінства і братэрства.

“Ваша харызматычная тоеснасць, узбагачаная культурнай разнастайнасцю вашай манаскай сям’і, з’яўляецца як ніколі актуальнай і прывабнай прапановай для вялікай колькасці моладзі ў свеце, якая шукае сапраўднасці і глыбіні. Няхай братэрства ззяе як характэрная рыса вашага кансэкраванага жыцця, аддаляючы ад вас любыя элітарысцкія паводзіны, стымулюючы да пастаннага пошуку сустрэчы між вамі і з усімі, асабліва з шматлікімі спрагнёнымі па міласэрнай любові, якую толькі Хрыстус можа даць”, - напісаў у тэксце сваёй прамовы Папа.

Генеральны капітул Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў праходзіць у Рыме з 27 жніўня па 16 верасня 2018 г. У ім прымае ўдзел таксама кіраўнік Беларускай кустодыі брат Алег Шэнда.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 верасня 2018, 15:01