Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік нагадаў аб выключнасці жаночага генія

Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў 38-га моладзевага намётавага летніка, які прайшоў у санктуарыі св. Габрыэля ад Маці Божай Балеснай, у гарах цэнтральнай Італіі.

Сотні юнакоў і дзяўчат з усяго Апенінскага паўвострава сабраліся разам, каб памаліцца, здзейсніць пешую пілігрымку і паразважаць аб месцы жанчыны ў сучасным свеце і Касцёле.

Тэма сустрэчы была выбрана ў святле евангельскіх слоў: “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Пана” (Лк1,30), якія з’яўляюцца дэвізам сёлетняга Сусветнага дня моладзі, што адзначаўся на дыяцэзіяльным узроўні ў Пальмовую нядзелю.

“З майго боку жадаю, каб прастора для прысутнасці і дзейнасці жанчын пашыралася як у касцёльнай сферы, так і грамадзянскай і прафесійнай, каб маглі напоўніцу праявіцца дары пяшчотнасці і лагоднасці, якімі багатая жаночая душа”

- напісаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што жанчыны з’яўляюцца “супрацоўніцамі Бога ў стварэнні новага жыцця”, выконваюць “незаменную ролю ў сям’і”, а таксама аказваюць “неад’емны ўнёсак” у жыццё грамадства, маючы асаблівую ўвагу да самых слабых і безабаронных.

Традыцыйны для італьянскай каталіцкай моладзі намётавы летнік пры санктуарыі св. Габрыэля ад Маці Божай Балеснай, які знаходзіцца ў рэгіёне Абруца, праводзіцца штогадова, пачынаючы з 1980 г. Сёлета Эўхарыстыю на заканчэнне сустрэчы для сабранай тут моладзі цэлебраваў кардынал Тарчызіа Бэртонэ, былы Дзяржаўны Сактарар Яго Святасці Папы.

Св. Габрыэль ад Маці Божай Балеснай з’яўляецца апекуном цэнтральнаітальянскага рэгіёна Абруца і каталіцкай моладзі. Ён быў законнікам з Ордэна Пасіяністаў і правёў кароткае – памёр у 24-гадовым узросце, – але вернае Богу жыццё.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 жніўня 2018, 14:43