Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Нікарагуа не прыме пілігрымаў Сусветных дзён моладзі

Дыяцэзіі Нікарагуа не прымуць пілігрымаў перад Сусветнымі днямі моладзі ў Панаме. Раней планавалася, што мясцовы Касцёл стане гаспадаром так званых Дзён у дыяцэзіях.

Па прычыне глыбокага палітычнага крызісу і напружанай сітуацыі ў Нікарагуа, мясцовы епіскапат вырашыў не праводзіць на сваёй тэрыторыі сустрэчу юнакоў і дзяўчат з розных краін свету, якія накіроўваюцца на Сусветныя дні моладзі ў Панаме. Дні ў дыяцэзіях адбудуцца 17-21 студзеня 2019 г. толькі ў Панаме і Коста-Рыцы.

Масавыя хваляванні ў Нікарагуа пачаліся ў красавіку 2018 г., пасля таго як лідар адной з самых бедных краін Цэнтральнай Амерыкі Даніэль Артэга абвясціў рэформу сацыяльнага забеспячэння, якая прадугледжвае памяншэнне дапамогі і павелічэнне ўзносаў работнікаў у Фонд сацыяльнага забеспячэння. З часам сацыяльныя пратэсты перараслі ў палітычныя маніфестацыі з патрабаваннямі адстаўкі дзеючага кіраўніка і ўстанаўлення дэмакратычнага парадку.

У краіне ўсё часцей узнікаюць выпадкі антыкасцёльнай і антыхрысціянскай агрэсіі. Прадстаўнікі Касцёла, за дапамогу пратэстоўцам, падвяргаюцца нападам і пераследу. 9 ліпеня 2018 г. баевікі напалі і збілі арцыбіскупа Манагуа, кардынала Леапольда Брэнэса, біскупа Сільвіё Хасэ Баэса і Апостальскага нунцыя ў Нікарагуа, арцыбіскупа Вальдэмара Зомертага.

Сусветныя дні моладзі будуць праходзіць у Панаме 22-27 студзеня 2019 г. Чакаецца, што ў іх прымуць удзел ад 300 да 600 тыс. чалавек, пераважна з краін Лацінскай Амерыкі.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 жніўня 2018, 11:50