Пошук

Папа з сем'ямі з Ірландыі падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 21 сакавіка 2018 г. Папа з сем'ямі з Ірландыі падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 21 сакавіка 2018 г. 

Сусветная сустрэча сем’яў у лічбах

Сусветная сустрэча сем’яў, якая пройдзе ў сталіцы Ірландыі, горадзе Дублін, стане рэкорднай па колькасці ўдзельнікаў.

На сённяшні дзень для ўдзелу ў форуме зарэгістравалася каля 30 тыс. чалавек, сярод якіх каля 6 тыс. – гэта дзеці і падлеткі, якія прыбудуць разам са сваімі бацькамі.

Большасць удзельнікаў сустрэчы складуць самі жыхары Ірландыі. Трэцяя частка ўсіх зарэгістраваных асобаў – замежнікі, якія прыбудуць з 103 краін свету. Больш за чвэрць – сужэнскія пары ва ўзросце ад 29 да 40 гадоў. Дапамогу ў арганізацыі самага маштабнага каталіцкага сямейнага мерапрыемства акажуць 5,5 тыс. валанцёраў.

Па словах арцыбіскупа Імана Марціна, Прымаса Ірландыі, у рамках Сусветнай сустрэчы сем’яў з дакладамі і сведчаннямі выступяць 200 спікераў з пяці кантынентаў, сярод іх – 91 жанчына і 65 мужчын, 44 святары і прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў.

Адзін з будучых выступоўцаў – англійскі кардынал Вінсэнт Нікалс – рыхтуе прамову, прысвечаную падрытоўцы да сужэнства ў святле Апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia”. Гэты дакумент будзе знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы. Абмяркоўвацца будуць таксама праблемы сем’яў, якія не маюць даху над галавой, сямейнае насілле, разводы, аднаполыя саюзы і стасункі ў сям’і з асобамі гомасексуальнай арыентацыі.

IX Сусветная сустрэча сем’яў будзе праходзіць 21-26 жніўня. На апошнія два дні форума ў Дублін прыбудзе Святы Айцец, які сустрэнецца з яго ўдзельнікамі і ўзначаліць кульмінацыйную Эўхарыстыю ў рамках гэтай падзеі.

Сусветныя сустрэчы сем’яў праводзяцца кожныя тры гады. Першая адбыўлася ў 1994 г. у Рыме, апошняя – у 2015 г. у Філадэльфіі. Раней яны праходзілі таксама ў Рыа-дэ-Жанейра, Маніле, Валенсіі, Мехіка, Мілане.

Афіцыйны прома-ролік Сусветнай сустрэчы сем'яў
Навіна ў фармаце аўдыё
18 чэрвеня 2018, 13:24