Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" Папа падчас малітвы "Анёл Панскі"  (AFP or licensors)

Папа: спрыяць развіццю Божага Валадарства ў сэрцах і гісторыі

Праз веру і працу супрацоўнічаць у развіцці Божага Валадарства ў сэрцах і гісторыі, заклікаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 17 чэрвеня 2018 г. у Ватыкане.

“У сённяшнім евангельскім урыўку (пар. Мк 4,26-34) Езус кажа народу аб Божым Валадарстве і дынаміцы яго росту. Ён робіць гэта, распавядаючы дзве кароткія прыпавесці.

У першай прыпавесці (пар. 26-29) Божае Валадарства параўноўвываецца з таямнічым ростам зерня, якое было кінута ў зямлю, а затым прарастае, развіваецца і прыносіць колас, незалежна ад клопату земляроба, які збірае ўраджай, калі плод саспее. Пасланне, якое перадае нам гэтая прыпавесць, гучыць так: праз пропаведзь і дзейнасць Езуса, Божае Валадарства было абвешчана, увайшло ў поле гэтага свету і, падобна як зерне, расце і развіваецца само па сабе, дзякуючы ўласнай сіле і крытэрыям, якія па-чалавечы немагчыма зразумець. Яго рост і прарастанне ў гісторыі залежыць не столькі ад дзейнасці чалавека, колькі, перш за ўсё, з’яўляецца выразам моцы і дабрыні Бога. А таксама сілы Святога Духа, які вядзе наперад хрысціянскае жыццё ў Божым Народзе.

Часам здаецца, што гісторыя, са сваімі падзеямі і галоўнымі дзеючымі асобамі, крочыць у напрамку, адваротным задумам Нябеснага Айца, які прагне для ўсіх сваіх дзяцей справядлівасці, братэрства, спакою. Але мы пакліканы перажываць гэты перыяд, як час выпрабавання, надзеі і пільнага чакання збору ўраджая. Сапраўды, учора, як і сёння, Божае Валадарства расце ў свеце таямнічым і здзіўляючым чынам, адкрываючы схаваную моц маленькага зерня, яго пераможную жыццёвую сілу. Пасярод асабістых і грамадскіх падзей, якія здаецца, што часам пазначаюць крушэнне надзеі, неабходна працягваць давяраць пакорнай, але моцнай дзейнасці Бога. Таму, у цёмныя і складаныя моманты, мы не павінны падаць духам, але трываць у вернасці Бога, у Яго прысутнасці, якая заўсёды збаўляе. Памятайце гэта: Бог заўсёды збаўляе. Ён – Збаўца!

Рэпартаж з малітвы "Анёл Панскі" ў Ватыкане

У другой прыпавесці (пар. 30-32) Езус параўноўвае Божае Валадарства з гарчычным зернем. Гэта вельмі маленькае зерне, але вырастае так моцна, што становіцца самым вялікім з усіх раслін у садзе: яго рост непрадказальны, уражваючы. Нам нялёгка ўвайсці ў гэтую Божую логіку непрадказальнасці і прыняць яе ў нашым жыцці. Але сёння Пан заклікае нас да такой веры, якая пераўзыходзіць нашы задумы, нашы разлікі, нашы прагнозы. Бог заўсёды нас здзіўляе. Гэта заклік да таго, каб з яшчэ большай шчырасцю адкрыцца на Божыя задумы, як на асабістым узроўні, так і на ўзроўні супольнасці. У нашых супольнасцях мы павінны быць уважлівымі да малых і вялікіх нагодаў для дабра, якія Пан нам дае, дазваляючы Яму ўключыць нас у Яго дынаміку любові, гасціннасці і міласэрнасці да ўсіх.

Аўтэнтычнасць місіі Касцёла залежыць не ад поспеху ці задавальняючых вынікаў, але ад крочання наперад з даверлівай адвагай і пакорным адданем Богу. Ісці наперад у вызнанні Езуса і з сілай Святога Духа. Гэта ўсведамленне таго, што з’яўляемся малымі і слабымі прыладамі, якія ў руках Бога і дзякуючы Яго ласцы, могуць спаўняць вялікія справы, дапамагаючы распаўсюджванню Яго Валадарства, якое з’яўляецца “справядлівасцю, спакоем і радасцю ў Духу Святым” (Рым 14,17). Няхай Панна Марыя дапаможа нам быць простымі і ўважлівымі, каб праз нашу веру і працу мы супрацоўнічалі ў развіцці Божага Валадарства ў сэрцах і гісторыі”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў з розных частак свету і ўдзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 чэрвеня 2018, 12:57