Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа і Святы Пасад не падтрымалі рашэнне нямецкага епіскапату

Францішак не падтрымаў кіруючыя ўказанні нямецкага епіскапату адносна прыняцця св. Камуніі некаталіцкімі сужонкамі.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, арцыбіскуп Луіс Ладарыя напісаў старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі, кардыналу Рэйнхарду Марксу, што дакумент утрымлівае шэраг нявырашаных пытанняў значнай вагі. Ён агучыў выснову Папы, што дакумент яшчэ не гатовы да публікацыі.

Кіраўнік дыкастэрыі падкрэсліў, што пытанне адносна прыняцця некаталіцкімі сужонкамі св. Камуніі тычыцца Касцёла ў цэлым і аказвае ўплыў на экуменічныя адносіны з іншымі Цэрквамі і супольнасцямі.

Іерарх таксама звярнуў увагу на адпаведныя палажэнні Кодэкса кананічнага права. Канон 844 кажа, што сакрамэнт можа быць удзелены толькі каталіцкім вернікам. Кодэкс дапускае выключэнне ў тых выпадках, калі існуе небяспека смерці або прымушае іншая сур’ёзная неабходнасць, прызнаная дыяцэзіяльным біскупам або біскупскай канферэнцыяй.

Для вырашэння гэтых і іншых пытанняў для ўсяго Паўсюднага Касцёла ўпаўнаважаны адпаведныя органы Святога Пасаду, патлумачыў арцыбіскуп Ладарыя. Ён падкрэсліў, што гэтае пытанне тычыцца веры Касцёла і мае важнае значэнне для ўсяго Касцёла.

У той жа час, Святы Пасад спадзяецца на далейшы ўнутраны дыялог паміж нямецкімі біскупамі, напісаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Арцыбіскуп завяршыў свой ліст заклікам да “духоўнай калегіяльнасці” ў Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

Нямецкі епіскапат на сваёй нарадзе ў Інгальштаце ў лютым вырашыў, што ў асобных выпадках ёсць неабходна дазволіць сумесны ўдзел у св. Камуніі мужу і жонцы розных канфесій. Кардынал Маркс патлумачыў тады, што значная колькасць змешаных сужэнстваў ставіць святароў перад “тэрміновай душпастырскай задачай”.

Неўзабаве пасля гэтага, ліст па дадзеным пытанні ў Ватыкан накіравалі 7 з 25 мясцовых дыяцэзіяльных біскупаў. Падпісанты ліста з кардыналам Райнэрам Вёлькі на чале папрасілі Святы Пасад аб дапамозе ў вырашэнні праблемы. Паводле іх, епіскапат перавысіў свае паўнамоцтвы, а яго рашэнне нязгоднае з Кананічным правам. На іх думку, у такіх фундаментальных пытаннях веры і еднасці Касцёла варта пазбягаць спецыяльных рашэнняў.

Паколькі Святы Пасад лічыць, што канфлікт павінен быць вырашаны ўнутры нямецкага епіскапату, яго старшыня, кардынал Маркс нядаўна выказаў надзею, што на наступным пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў ён і яго браты “прыйдуць да пагаднення”.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 чэрвеня 2018, 12:53