Кардынал Фэрнанда Філоні Кардынал Фэрнанда Філоні 

Прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў пра выклікі новага года

Важнымі касцёльнымі падзеямі ў новым годзе будуць Сінод Біскупаў па Амазоніі і Надзвычайны місійны месяц, які быў абвешчаны Папам, заўважыў прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

У інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” кардынал Фэрнанда Філоні распавёў, што структура, якую ён ўзначальвае, адказвае за падрыхтоўку і правядзенне Надзвычайнага місійнага месяца, які будзе праходзіць у Каталіцкім Касцёле на працягу ўсяго кастрычніка 2019 г.

Ініцыятыва нарадзілася ў кантэксце стагоддзя Апостальскага ліста Бэнэдыкта XV “Maximum illud” – “вялікай хартыі” місійнай дзейнасці Касцёла ў сучасную эпоху, абнародаванай 30 лістапада 1919 г. Правядзеннем адмысловага місійнага месяца ў сотую гадавіну гэтага дакумента і праз пяцьдзесят гадоў пасля Другога Ватыканскага Сабора Папа пажадаў асаблівым чынам нагадаць аб евангелізацыйным пакліканні Касцёла. “У гэты кантэкст уваходзіць таксама Сінод Біскупаў, якія будзе прысвечаны панамазонскаму рэгіёну – шырокай тэрыторыі, на якой павінна гучаць евангельскае пасланне”, - дадаў кардынал Філоні.

Ватыканскі прэфект падкрэсліў, што Надзвычайны місійны месяц павінен ахапіць Касцёл ва ўсім свеце, каб мясцовыя каталіцкія супольнасці адчулі патрэбу ў евангелізацыі, якая існуе, і паставілі ёй на службу адпаведныя праекты. Дамагчы ў гэтым заданні павінна спецыяльная інструкцыя, ужо распрацаваная пад кіраўніцтвам Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Дакумент налічвае больш за 400 старонак і быў размешчаны на італьянскай, французскай, іспанскай і партугальскай мове на спецыяльным сайце: www.october2019.va. Хутка ён з’явіцца і па-англійску. Былі падрыхтаваны таксама відэаматэрыялы, якія распавядаюць пра місійны месяц.

Падводзячы вынікі мінулага года кардынал Філоні адзначыў важнасць V Амерыканскага місійнага кангрэса, які 11-14 ліпеня 2018 г. прайшоў у балівійскім горадзе Санта-Крус-дэ-ла-Сьера. Паводле яго слоў, форум дапамог абудзіць місійную тоеснасць мясцовых Касцёлаў. Калі місійная свядомасць будзе адсутнічаць, вернікі будуць лічыць евангелізацыю заданнем, да якога заўсёды пакліканы хтосьці іншы, у той час як яно тычыцца кожнага хрысціяніна і з’яўляецца знакам сталасці мясцовага Касцёла.

Спасылаючыся на словы св. Ян Паўла ІІ, які казаў пра важнасць евангелізацыі Азіі ў трэцім тысячагоддзі, кардынал Фэрнанда Філоні заўважыў, што Францішак спрыяе гэтаму працэсу. Пацвярджэннем з’яўляюцца яго візіты на азіяцкі наданне кардынальскай годнасці іерархам з Пакістана і Японіі, дзе католікі або падвяргаюцца пераследу, або жывуць ва ўмовах секулярызаванага грамадства.
 

05 студзеня 2019, 13:08