Бэта версія

Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: Касцёл патрабуе місійнага навяртання

Да “місійнага навяртання каталіцкіх структур” праз “асабістую святасць і духоўную крэатыўнасць” заклікаў Францішак падчас аўдыенцыі для кіраўнікоў Папскіх місійных ініцыятыў.

Сустрэча адбылася 1 чэрвеня 2018 г. у Ватыкане. У прамове Францішак нагадаў, што ў кастрычніку 2019 г. у Каталіцкім Касцёле будзе праходзіць Надзвычайны місійны месяц. Ён заклікаў сваіх гасцей выкарыстаць час падрыхтоўкі да гэтай падзеі як нагоду для абнаўлення місійнай дзейнасці ўсяго Касцёла.

“Заўсёды патрэбна абнаўленне: трэба абнаўляць сэрца, ініцыятывы, арганізацыі, бо ў адваротным выпадку наша месца будзе ў музеі. Заўсёды патрэбна абнаўленне, каб не скончыць у музеі,”

- сказаў Папа.

Францішак выказаў занепакоенасць рызыкай звядзення ўсёй дзейнасці Папскіх місійных ініцыятыў выключна да аказання матэрыяльнай дапамогі. Паводле яго слоў, заснавальнікі арганізацыі прагнулі не гэтага, але абнаўлення місійнай свядомасці Каталіцкага Касцёла.

“Гэта агульная мэта можа і павінна дапамагчы Папскім місійным ініцыятывам жыць у духоўнай еднасці, ва ўзаемным супрацоўніцтве і падтрымцы. Калі абнаўленне будзе сапраўдным, крэатыўным і эфектыўным, рэформа Папскіх ініцыятыў увасобіць у сабе сапраўдную рэарганізацыю, перакваліфікацыю згодна з патрабаваннямі Евангелля”, - запэўніў Святы Айцец.

Па словах Францішка, гаворка ідзе пра сапраўднае місійнае навяртанне касцёльных структур, якое патрабуе асабістай святасці і духоўнай творчасці. Трэба не толькі “абнавіць старое”, але дазволіць, каб Дух стварыў новае, бо Ён з’яўляецца сапраўдным “кіраўніком” Папскіх місійных ініцыятыў, лічыць Папа.

“Будзьце руплівымі і мужнымі на місіі, супрацоўнічайце са Святым Духам, заўсёды прабываючы ў адзінстве з Касцёлам Хрыста. Гэта значыць, адважна крочце, з запалам першых прапаведнікаў Евангелля. Вашай настольнай кнігай, кнігай малітваў і разважанняў, няхай будуць Дзеі Апосталаў. Звяртайцеся да яе, каб чэрпаць натхненне. Галоўная дзеючая асоба гэтай кнігі – Святы Дух,”

- сцвердзіў Пантыфік.

Папа заклікаў кіраўнікоў Папскіх місійных ініцыятыў клапаціцца аб святасці жыцця місійных вучняў. “Каб быць здольнымі супрацоўнічаць у справе збаўлення свету, трэба любіць яго і быць гатовымі ахвяраваць жыццё дзеля служэння Хрысту, адзінаму Збаўцы свету. Мы маем не тавар на продаж, таму тут няма месца для празелітызму. Мы маем не тавар, а жыццё, якое павінны пераказваць: Бога, Яго боскасць, Яго міласэрную любоў, Яго святасць!” - сказаў Францішак.

Папскія місійныя ініцыятывы – структура, якая аб’ядноўвае чатыры арганізацыі: Папскую ініцыятыву па распаўсюджванні веры, Папскую ініцыятыву св. Пятра Апостала, Папскую місійную ініцыятыву па справах дзяцей і Папскую місійную унію.

Папа заклікаў Касцёл да місійнага навяртання
Навіна ў фармаце аўдыё

 

 

01 чэрвеня 2018, 14:06