Абмеркаванне праекту Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. 22 верасня 1948 г. Абмеркаванне праекту Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. 22 верасня 1948 г. 

Святы Пасад на форуме да 70-годдзя Дэкларацыі правоў чалавека

70-годдзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека – гэта нагода, каб пацвердзіць гатоўнасць працягваць бараніць фундаментальныя правы і свабоды, лічыць Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі, якая прайшла ў Нью-Ёрку з нагоды юбілею абвяшчэння Дэкларацыі – дакумента, прынятага Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 10 снежня 1948 г. у Парыжы.

Ватыканскі дыпламат зазначыў, што многія правы, пра якія выразна кажа Дэкларацыя, дагэтуль не прызнаюцца. У прыватнасці ён звярнуў увагу на феномен дзіцячай працы, які закранае кожнае дзясятае дзіця на планеце. Акрамя таго, кожны трэці вязень у свеце быў пазбаўлены свабоды без належнага судовага працэсу. Больш за 250 мільёнаў жанчын былі выдадзены замуж ва ўзросце да 15 гадоў.

Іерарх нагадаў, што Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека выразна асуджае рабства, у той час як у многіх краінах гэты феномен застаецца шырока распаўсюджаным. Парушэнні тычацца таксама свабоды думкі і веравызнання. У прыватнасці ёсць краіны, дзе вызнанне веры можа стаць прычынай для асуджэння на смерць ці дыскрымінацыі, заўважыў ён.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў словы Францішка пра цяжкую сітуацыю з павагай да права на жыццё, свабоду і недатыкальнасць кожнага чалавека, а таксама пра паступовую змену інтэрпрытацыі некаторых правоў, якое з’яўляецца наступствам сацыяльных перамен, распачатых у 1968 г., і з’яўленне шэрагу “новых правоў”, якія часта супярэчаць адно аднаму.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 снежня 2018, 11:59