Бэта версія

Cerca

Vatican News
Купал базылікі св. Пятра Купал базылікі св. Пятра 

Святы Пасад занепакоены ідэалагізацыяй правоў чалавека

Без надання цэнтральнага месца чалавечай асобе правы чалавека рызыкуюць ператварыцца ў “пустыя словы”, папярэдзіў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выступіў на 73-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыі падчас пасяджэння, прысвечанага правам чалавека. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на права чалавека на жыццё.

Прадстаўнік Святога Пасаду раскрытыкаваў “ідэалагізаваны падыход” у гэтай сферы і звядзенне годнасці асобы да яе здольнасці самасцвярджацца. Такое меркаванне не павінна лічыцца прагрэсам у пытанні абароны правоў чалавека, сказаў ён.

Арцыбіскуп Ауса выказаў заклапочанасць Святога Пасаду ў сувязі з “усё больш і больш вузкай інтэрпрэтацыяй правоў чалавека”, як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях. Ён звярнуў увагу на распаўсюджаную адмову “прызнаваць каштоўнасць і годнасць чалавечага жыцця на кожным этапе”.

Ідэалагізаваны падыход, распаўсюджаны і ў розных структурах ААН, “імкнецца стварыць пэўную іерархію правоў чалавека, рэлятывізуючы чалавечую годнасць, надзяляючы большай вартасцю і нават правамі моцных і здаровых, і адчужаючы слабых”, падкрэсліў арцыбіскуп.

Гэта “прыводзіць да глыбокай няроўнасці і несправядлівасці”, у выніку якой ігнаруюцца дзеці ў матчыным улонні, а жыццё пажылых людзей, мігрантаў і няпоўнаспраўных разглядаецца як штосьці, чым можна ахвяраваць, ці ўспрымаецца ў якасці цяжару для грамадства, агучыў пазіцыю Святога Пасаду дыпламат.

Арцыбіскуп Ауса заклікаў не дапусціць панавання такой логікі. “Мы павінны прасоўваць прынцыпы справядлівасці, салідарнасці і супольнага дабра; прынцыпы, што спрыяюць дабру ўсёй чалавечай сям’і, неабходным зыходным пунктам для якой з’яўляецца годнасць чалавека, незалежна ад ступені яго ўразлівасці”.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

19 кастрычніка 2018, 11:35