Пантыфік: слухаць Езуса, пазнаваць Яго і ісці за Ім па шляху служэння

Няхай Панна Марыя дапаможа нам слухаць Хрыста, усё больш пазнаваць Яго і ісці за Ім па шляху служэння, - пажадаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба 8 мая 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў Евангелле сённяшняй літургіі, якое праз “ласкавы і прыгожы вобраз” пастыра і авечак кажа нам пра сувязь, якая існуе паміж Панам і кожным з нас. Езус тлумачыць яе, кажучы: “Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною”, - заўважыў Пантыфік, прапануючы паразважаць над гэтымі словамі.

Папа падкрэсліў, што ў першую чаргу авечкі слухаюць голас пастыра: Пан кліча да еднасці з Ім, але гэта еднасць узнікае, калі адкрываемся на слуханне. “Слуханне азначае адкрытасць, паслухмянасць, час, прысвечаны на дыялог”, - сказаў Францішак.

“Як цяжка слухаць адзін аднаго: у сям’і, у школе, на працы, нават у Касцёле! Але, паводле Пана, у першую чаргу неабходна слухаць. Ён – Слова Айца, а хрысціянін – дзіця слухання, пакліканае жыць у блізкасці з Божым словам. Давайце спытаемся ў сябе: ці з’яўляемся мы дзецьмі слухання, ці знаходзім час для Божага слова, ці ўдзяляем месца і ўвагу братам і сёстрам? Хто слухае іншых, слухае таксама Пана, і наадварот. А таксама спазнае нешта вельмі цудоўнае: што і сам Пан слухае нас, калі молімся да Яго, калі шчыра размаўляем з Ім, калі ўсклікаем да Яго”, - запэўніў Святы Айцец.

Праз слуханне Езуса можна зразумець, што Добры пастыр ведае сваіх авечак, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што ведаць у біблійным сэнсе, значыць любіць. “Калі будзем слухаць Яго, адкрыем для сябе тое, што Пан любіць нас. Тады стасункі з Ім больш не будуць безасабовымі, халоднымі ці фармальнымі. Езус шукае шчырага сяброўства, даверу, блізкасці, хоча адарыць нас новым і цудоўным веданнем таго, што мы заўсёды любімыя Ім і таму ніколі не бываем пакінутымі самі сабе”, - адзначыў Пантыфік.

“Прабываючы разам з Добрым пастырам, мы перажываем досвед, пра які кажа псальм: “Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною” (Пс 23,4). Асабліва ў пакутах, у цяжкасцях, у крызісах, якія з’яўляюцца цемрай: Ён падтрымлівае нас, пераадольваючы іх разам з намі. І так, менавіта падчас цяжкіх сітуацый, мы можам зразумець, што Пан ведае і любіць нас. Давайце спытаемся ў сябе: ці дазваляю Пану ведаць мяне? Ці пакідаю Яму месца ў жыцці, ці прыношу да Яго тое, чым жыву? Што думаю пра Яго, пасля таго, як шмат разоў спазнаў Яго блізкасць, Яго спагаду, Яго ласкавасць? Ці думаю пра Яго як пра Бога далёкага, абыякавага да маіх спраў, ці ведаю Яго як Добрага пастыра, які ведае і любіць мяне?”, - прапанаваў паразважаць Папа.

Францішак заўважыў, што авечкі, якія слухаюць і ведаюць свайго пастыра, “ідуць за Ім, тым жа шляхам і ў тым жа напрамку”, што і Ён. Чалавек, які ідзе за Езусам, “шукае тых, хто згубіўся, цікавіцца тым, хто далёка, прымае блізка да сэрца сітуацыю тых, хто пакутуе, здольны плакаць з тымі, хто плача, працягвае руку бліжняму, калі бярэ яго на свае плечы”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы маліцца, каб “Панна Марыя дапамагла нам слухаць Хрыста, усё больш і больш пазнаваць Яго і ісці за Ім па шляху служэння”.

08 мая 2022, 12:09

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >