Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Агульная аўдыенцыя: крывадушнік няздольны любіць

Крывадушнасць – гэта страх перад праўдай, які перашкаджае любіць, - падкрэсліў Пантыфік падчас агульнай аўдыенцыі, якая 25 жніўня 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны Пасланню да Галатаў, Папа заўважыў, што на яго старонках узгадваецца “факт, які выклікае здзіўленне”: апостал Павел публічна дакараў Пятра перад антыяхійскай супольнасцю вернікаў за яго непаслядоўныя паводзіны. Прычына рэзкіх слоў Апостала народаў была не ў яго характары ці няздольнасці трымаць сябе ў руках, але ў тым, што на коне стаялі адносіны паміж свабодай і Законам Майсея, - сказаў Францішак.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Пішучы да Галатаў, Павел свядома ўзгадаў пра здарэнне, якое мела месца ў Антыёхіі некалькі гадоў раней. Ён жадаў прыпомніць хрысціянам гэтай супольнасці, што яны абсалютна не павінны слухаць тых, хто прапаведуе абавязак абразання, гэта значыць трыванне “пад Законам” з усімі яго прадпісаннямі”, - заўважыў Папа.

Аб’ектам крытыкі ў адрас Пятра былі яго паводзіны падчас удзелу ў спажыванні ежы. Закон забараняў юдэям есці разам неяўрэямі, але сам Пётр, пры іншых абставінах, хадзіў у дом сотніка Карнэлія і казаў: “Бог адкрыў мне, каб я не лічыў ніводнага чалавека апаганеным ці нячыстым” (Дз 10,28). Абрэзаныя хрысціяне, верныя Закону Майсея, папракалі Пятра за яго паводзіны, але ён апраўдваўся, кажучы: “Тады я ўспомніў слова Пана, як Ён казаў: “Ян хрысціў вадою, а вы будзеце ахрышчаныя Духам Святым”. Калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія паверылі ў Пана Езуса Хрыста, то хто я такі, каб пярэчыць Богу?” (Дз 11,16-17), - нагадаў Францішак.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Падобны выпадак здарыўся таксама ў Антыёхіі ў прысутнасці Паўла. Спачатку Пётр без ніякіх праблем еў разам з хрысціянамі, якія паходзілі з язычніцтва, а калі ў горад прыйшлі некаторыя абрэзаныя хрысціяне з Ерузалема, тады ён больш не рабіў гэтага, каб не паддацца крытыцы з іх боку. “Гэта быў сур’ёзны ўчынак у вачах Паўла, таксама і таму, што Пятра наследавалі іншыя вучні, у першую чаргу Барнаба, які разам з Паўлам евангелізаваў менавіта галатаў. Не жадаючы таго, сваімі паводзінамі Пётр ствараў несправядлівы падзел у супольнасці”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што папракаючы Пятра, Павел выкарыстоўваў слова, якое дапамагае зразумець яго рэзкую рэакцыю: крывадушнасць (пар. Гал 2,13). Захаванне Закону Майсея хрысціянамі вяло да крывадушных паводзін, з якімі апостал хацеў змагацца з сілай і перакананасцю.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Што такое крывадушнасць? Можна сказаць, што гэта страх перад праўдай. Крывадушнік баіцца праўды. Перавага аддаецца таму, каб рабіць выгляд, а не быць самім сабой... Прытворства перашкаджае мужна і адкрыта казаць праўду і такім чынам з лёгкасцю пазбаўляе абавязку казаць яе заўсёды, паўсюль і нягледзячы ні на што... У асяроддзі, дзе міжасабовыя адносіны пазначаны фармалізмам, з лёгкасцю распаўсюджваецца вірус крывадушнасці”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што ў Бібліі ёсць шмат прыкладаў змагання з крывадушнасцю, а Езус моцна папракаў тых, якія звонку выдавалі сябе за справядлівых, а ўнутры былі поўныя фальшу і беззаконня.

“Крывадушнік – гэта чалавек, які робіць выгляд, ліслівіць і падманвае, бо жыве з маскай на абліччы і не мае адвагі стаць тварам у твар да праўды. Па гэтай прычыне ён няздольны любіць па-сапраўднаму: абмяжоўваецца эгаістычным жыццём і не мае сіл адкрыта паказаць сваё сэрца”, - падкрэсліў Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Папа звярнуў увагу на існаванне мноства розных сітуацый, у якіх можа праяўляцца крывадушнасць. Яна часта хаваецца на месцах працы, дзе людзі імкнуцца выглядаць сябрамі з калегамі, а у той час з-за канкурэнцыі удараюць ім у спіну. Крывадушнасць вельмі распаўсюджана ў палітыцы, але асабліва агіднай яна з’яўляецца ў Касцёле.

“Мы ніколі не павінны забываць словы Пана: “Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога” (Мц 5, 37). Браты і сёстры, падумаем сёння пра тое, што асуджае Павел: пра крывадушнасць. Не будзем баяцца быць праўдзівымі, казаць праўду, чуць праўду, лічыцца з праўдай. Так мы зможам любіць. Крывадушнік няздольны любіць. Дзейнічаць насуперак праўды – значыць ставіць пад пагрозу адзінства Касцёла, аб якім маліўся сам Пан”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Запіс відэатрансляцыі з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
25 жніўня 2021, 11:12

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >