Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кантэкст візіту Святога Айца ў Марока

Мараканскія ўлады візіт Францішка ўспрымаюць як належную ацэнку ўмеранай версіі ісламу, якой спрыяе дзяржава. Для Папы найбольш важнай праблемай з’яўляюцца мігранты.

Так візіт Пантыфіка ў краіну пракаментавалі прэсе два мясцовых арцыбіскупы, Рабата і Танжэра. Францішак будзе знаходзіцца ў Марока 30 і 31 сакавіка 2019 г.

Іерархі пацвердзілі, што ў краіне фактычна дамінуе ўмераная версія ісламу. Таму Касцёл карыстаецца поўнай свабодай. Тым не менш, праблемай застаецца свабода сумлення, прыняцце хрысціянскай веры карэннымі мараканцамі. Каталіцкія супольнасці ў краіне амаль на сто працэнтаў складаюцца з замежнікаў: або маладых вернікаў з Афрыкі на поўдзень ад Сахары, якія прыехалі ў Марока вучыцца, або мігрантаў, якія хочуць трапіць у Еўропу. Хрысціян у 35-мільённай краіне прыкладна 30 тыс., з якіх дзве траціны католікі.

Паводле арцыбіскупа Рабата, мадэллю для Касцёла ў Марока з’яўляецца Міласэрны Самаранін. Яго галоўная задача – аказанне дапамогі мігрантам. “Caritas” – тут самая буйная арганізацыя, якая дапамагае гэтай групе. “Мы даём ім ежу, вопратку, але не можам гарантаваць захаванне правоў, зрабіць так, каб да іх ставіліся як да людзей, а не жывёл”, - дадаў арцыбіскуп Танжэра. Пад ціскам Еўропы, Марока функцыянуе практычна як міграцыйная паліцыя. Іерархі спадзяюцца, што Папа зверне на гэта ўвагу і заклікае міжнародную супольнасць да адказнасці і салідарнасці адносна мігрантаў.

Францішак наведае Марока праз 33 гады пасля візіту ў гэту мусульманскую краіну св. Яна Паўла ІІ.

07 сакавіка 2019, 12:36