Папскі латэранскі ўніверсітэт Папскі латэранскі ўніверсітэт 

Папскаму латэранскаму ўніверсітэту споўнілася 250 гадоў

5 кастрычніка 2022 года адзначаецца 250-годдзе заснавання Папскага латэранскага ўніверсітэта.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Навучальная ўстанова была заснавана ў 1773 годзе Кліментам XIV пасля аб'яднання тагачаснай Рымскай семінарыі са школай тэалогіі Рымскага калегіума.

Юбілей адзначылі святой Імшой, якую ўзначаліў Вялікі канцлер універсітэта, кардынал Анджэла дэ Данаціс. Пасля яе ў актавай зале, запоўненай галоўным чынам студэнтамі з усіх куткоў свету і выкладчыкамі розных факультэтаў, адбыўся ўрачысты сход, які ўзначаліў генеральны сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Марыё Грэк.

У сваёй lectio magistralis ён паразважаў над працай Другога Ватыканскага Сабора, з пачатку якога мінула 60 гадоў, а таксама над сінадальнасцю. “Правільнае ўспрыманне саборнай эклезіялогіі актывуе настолькі плённыя працэсы, што адкрывае перад намі сцэнарыі, якіх нават удзельнікі Сабора не ўяўлялі сабе і ў якіх выяўляецца дзеянне Духа Святога, што кіруе Касцёлам.” Гаворачы пра Сінод, кардынал Грэк заклікаў Касцёл “працягваць жыць сінадальным працэсам у логіцы слухання Бога і бліжніх”.

Прафесар Вінчэнца Буонома, першы свецкі рэктар універсітэта, адзначыў, што за 250 гадоў былі дасягнуты значныя мэты ў падрыхтоўцы кадраў і правядзенні даследаванняў, неабходныя для з'яўлення людзей, здольных рабіць унёсак у жыццё Касцёла і грамадства. У бліжэйшай будучыні ўніверсітэт плануе засяродзіць увагу на тэмах міру і абароны агульнага дому. Два вучэбных цыклы будуць рыхтаваць міратворцаў і тых, хто нясе адказнасць за планету, даваць ім не толькі тэхнічныя, але і тэалагічныя і філасофскія веды, патрэбныя для рэалізацыі гэтай складанай, але захапляльнай місіі.

06 кастрычніка 2022, 11:15