Кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры Кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры 

Папская рада па культуры даследуе вытокі і выклікі гуманізму

З 5 па 23 лістапада 2021 г. праходзіць пленарная сесія Папскай рады па культуры. Яе сёлетняя тэма: “На карысць неабходнага гуманізму”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Мэта пленарнай сесіі заключацца ў “даследаванні велічы гуманізму, які нарадзіўся ў выніку распаўсюджвання класічных і біблійных прынцыпаў, а затым быў умацаваны за кошт укладу іншых культурных крыніц”. У сувязі з пандэміяй форум будзе праходзіць у анлайн-фармаце, а на яго заканчэнне Папа скіруе адмысловае відэапасланне.

Падчас першага этапу сесіі ўвага экспертаў будзе засяроджана на вытоках гуманізму. У яго рамках адбудзецца дыскусія на тэму: “Афіны і Іерусалім. Антрапалогія класічнага свету і свету біблійнага”, у якой прымуць удзел прафесар Івана Дыяніджы, рэктар-эмерыт Балонскага ўніверсітэта і старшыня Папскай акадэміі лацінскай мовы, і кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры. Суразмоўцы параўнаюць антрапалагічныя мадэлі грэка-лацінскай і юдэа-хрысціянскай культуры, якія ў дыялогу паміж сабой і ў маўклівым узаемным узбагачэнні, далі жыццё гуманізму, уласціваму культуры заходняга свету.

Другі этап пленарнай сесіі будзе прысвечаны актуальным выклікам, якія стаяць перад гуманізмам, і аналізу сучасных культурных эвалюцый, якія з дапамогай навукоўцаў з Іспаніі, Італіі і ЗША будуць прадстаўлены ў святле трох аспектаў: часу, тоеснасці і трансцэндэнтнасці. 

Трэцім этапам форума стане агульная сустрэча 30 членаў Папскай рады па культуры і 33 дарадчыкаў гэтай ватыканскай дыкастэрыі, якая пройдзе пад кіраўніцтвам кардынала Джанфранка Равазі. У яе рамках экперты выслухаюць спецыяльны відэазварот Святога Айца.

 

06 лістапада 2021, 10:23