Vatican News
Падчас папскай імшы ў Дзень мігранта. Ілюстрацыйнае фота Падчас папскай імшы ў Дзень мігранта. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

У Ватыкане пройдзе прэзентацыя паслання Папы на Дзень мігранта

6 мая 2021 г. у Ватыкане пройдзе прэзентацыя паслання Францішка на 107-мы Сусветны дзень мігранта і бежанца, які адзначаць у Касцёле 26 верасня 2021 г. Аб гэтым заявіла Зала Друку Святога Пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У стрымінг-канферэнцыі прымуць удзел, між іншым, кардынал Майкл Чэрны, кіраўнік Секцыі мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; дапаможны біскуп Вэстмінстэрскай архідыяцэзіі Пол Маклінан; Сара Цізер, дырэктар Jesuit Refugee Service у Вялікабрытаніі.

Раней, у лютым была прадстаўлена тэма папскага паслання – Да ўсё большага “мы”. Натхненнем для яе сталі словы з апошняй энцыклікі Францішка Fratelli tutti: “Дай Бог, каб урэшце не было ўжо “іншых”, а толькі “мы” (35). І гэта ўніверсальнае “мы” павінна стаць рэальнасцю найперш у Касцёле, пакліканым да камуніі ў разнастайнасці.

Ужо вядома, што папскае пасланне будзе мець шэсць падтэм. Асаблівая ўвага ў ім будзе нададзена клопату пра планету, пра агульную чалавечую сям’ю, пра "мы", якія можам і павінны станавіцца ўсё больш і больш адкрытымі і гасціннымі.

Сусветны дзень мігранта і бежанца заснаваў у 1914 г. Пій X. Раней яго адзначалі ў Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Пачынаючы з 2019 г., згодна з рашэннем Францішка, ён адзначаецца ў другую нядзелю верасня. Дату абралі, кіруючыся душпастырскімі меркаваннямі.
 

04 мая 2021, 12:45