Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі прэфект: у добрага журналіста ёсць чысты позірк

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі завяршыў тыдзень разважанняў над пасланнем Францішка з нагоды Дня сродкаў масавай камунікацыі, арганізаваны выдавецкай групай San Paolo.

Ян Глінскі - Vatican News

На думку Паола Руфіні, словы “ідзі і паглядзі” – адзіны спосаб зразумець рэчаіснасць і расказаць праўду.

“Толькі чысты позірк можа заўважыць, распазнаць, зразумець і вярнуць да адзінства фрагментаваную складанасць рэчаіснасці, а таму і пазнаць яе”, - падкрэсліў кіраўнік ватыканскага ведамства.

У 55-ы Дзень сродкаў масавай камунікацыі Руфіні нагадаў, што добры журналіст павінен захоўваць “чысты позірк”, а таксама выказаў думку, што журналістыка больш падыходзіць асобам з цвёрдым сэрцам. Чэрпаючы з малітвы Папы на заканчэнне сёлетняга паслання пад назвай “Ідзі і паглядзі”, эксперт звярнуў увагу, што менавіта гэтыя два словы з’яўляюцца “самым простым спосабам пазнання рэчаіснасці”.

Прэфект засяродзіўся таксама на ключавых паняццях для свету камунікацыі. Першае з іх – “выйсце”. Выхад насустрач іншым, а найперш у кірунку “найбольш аддаленых, забытых, патрабуючых разумення, суцяшэння і дапамогі”. Другое – “хаджэнне”, што з’яўляецца натуральным станам камунікуючага, які ніколі не павінен затрымлівацца.

Трэцяе ключавое паняцце – пошук “праўды” – з’яўляецца сапраўдным падарожжам: але гаворка ідзе аб праўдзе, расказанай належнымі, а не канфармісцкімі, лянівымі і паглынутымі часам словамі.

“Эра фэйкавых навін” на самой справе “стварае монстраў, якія карыстаюцца блізарукасцю” нашай: палітык крадзе, значыць усе палітыкі злодзеі, хтосьці меў праблемы са здароўем пасля вакцынацыі, значыць вакцына дрэнная.

І апошнім фундаментальным паняццем у сферы слушнай камунікацыі, як адзначыў Руфіні, з’яўляецца “справядлівасць” – слова, якое заклікае “заглянуць у глыбіню сябе” і “ставіць нас перад абліччам адказнасці”. Таму ўзнікае разыходжанне паміж “канцэнтраваннем на саміх сабе як журналістах, якія камунікуюць і апавядаюць пра свае мроі”, і здольнасцю “пайсці, убачыць, дакрануцца і расказаць праўду пра ўбачанае”, нават рызыкуючы не зразумець, што будзем падманутымі ці памылімся. У такім выпадку трэба выправіцца і аднавіць вандроўку, - лічыць прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі.

Сусветны дзень масавай камунікацыі быў устаноўлены ў Касцёле ў 1967 г. Сёлета яго адзначалі 16 мая ў 55-ы раз.

22 мая 2021, 11:37