Vatican News
Арцыбіскуп Рош з папам Францішкам Арцыбіскуп Рош з папам Францішкам 

Францішак змяніў кіраўнічы склад Кангрэгацыі Божага культу

27 мая 2021 г. Францішак здзейсніў важныя прызначэнні ў Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Змяніўся практычна ўвесь кіраўнічы склад ватыканскай дыкастэрыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец прызначыў арцыбіскупа Артура Роша прэфектам Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў. Англійскі іерарх з 2012 г. быў Сакратаром гэтай дыкастэрыі. Цяпер яго месца зойме італьянскі францішканін, арцыбіскуп Віторыа Франчэска Віёла. Новы Сакратар да гэтага часу быў пастырам дыяцэзіі Тартона. Змяніўся і падсакратар Кангрэгацыі. Пантыфік прызначыў на гэту пасаду кс. Аўрэліа Гарсію Марсіяса, іспанца, які раней кіраваў адным з аддзелаў у дыкастэрыі. Папа ўзвёў яго ў сан біскупа.

20 лютага 2021 г. Святы Айцец прыняў адстаўку папярэдняга кіраўніка ватыканскага ведамства, кардынала Рабэра Сара.

Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў (Congregatio de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum) была заснавана ў 1975 г. Паўлам VI шляхам зліцця Кангрэгацыі Божага культу і Кангрэгацыі сакрамэнтаў. Гістарычна яна звязана з Кангрэгацыяй абрадаў, створанай Сікстам V у 1588 г.

Дыкастэрыя займаецца літургічнымі тэкстамі, праверкай перакладаў богаслужэбных тэкстаў на нацыянальныя мовы, а таксама пытаннямі касцёльнай музыкі. У яе склад уваходзяць: Спецыяльная камісія па разглядзе выпадкаў юрыдычнай несапраўднасці пасвячэння і дыспенсацыі ад абавязкаў дыякана і святара, а таксама Спецыяльная камісія па разглядзе выпадкаў дыспенсацыі благаслаўлёнага Касцёлам, але не завершанага сакрамэнту сужэнства.
 

27 мая 2021, 13:00