Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота Ватыканскія музеі. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскія музеі застануцца зачыненымі да сярэдзіны студзеня

Да 15 студзеня 2021 г. Ватыканскія музеі застануцца зачыненымі для наведвальнікаў. Рашэнне прынята ў сувязі з новымі мерамі ўладаў Італіі, накіраванымі на стрымліванне распаўсюджвання COVID-19.

У гэты перыяд будзе таксама прыпынена любая турыстычная, музейная і культурная дзейнасць у комплексе Папскіх віл у летняй рэзідэнцыі Кастэль-Гандольфа пад Рымам.

Прадугледжаны аўтаматычны зварот грошай за набытыя ці ўжо замоўленыя квіткі і арганізаваныя экскурсіі, таму людзям не давядзецца нават звяртацца ў Музеі з запытам з гэтай нагоды, - адзначаецца ў паведамленні ў Instagram.

Тым не менш, з нагоды надыходзячых святаў Божага Нараджэння папскія галерэі падрыхтавалі для ўсіх прыхільнікаў высокага мастацтва арыгінальны падарунак – “Падарачную карту Ватыканскіх музеяў” (Musei Vaticani Gift Card).

Набыць яе можна ў інтэрнэце, выбраўшы адзін з двух варыянтаў “віртуальнай экскурсіі”: просты ўваход або наведванне працягласцю каля дзвюх гадзін у суправаджэнні гіда. Дзякуючы такой магчымасці, кожны жадаючы зможа асабіста ацаніць шэдэўры сакральнага мастацтва.

У самым пачатку пандэміі ўлады Дзяржавы Ватыкан абвясцілі, што ў сваёй дзейнасці па барацьбе з каронавірусам яны будуць прытрымлівацца распараджэнняў, якія выдаюцца ў сувязі з гэтым у Італіі. Падчас першай хвалі эпідэміі яны прынялі шэраг надзвычайных мер, у прыватнасці, зачынілі с 8 сакавіка Ватыканскія музеі, а таксама ўсе музеі і археалагічныя зоны, якія існуюць пры папскіх базыліках Рыма. З 10 сакавіка быў спынены доступ турыстаў у базыліку св. Пятра і на плошчу перад галоўным каталіцкім храмам свету. Ватыканскія музеі зноў адкрыліся для наведвальнікаў 1 чэрвеня пасля амаль трохмесячнага перапынку, хоць і ў некалькі абмежаваным рэжыме. Месяц таму дырэкцыя прыняла рашэнне аб іх закрыцці.

Ватыканскія музеі былі заснаваны Юліем II у XVI ст. Продаж квіткоў у іх з’яўляецца адной з важных крыніц даходаў у бюджэт Ватыкана.
 

05 снежня 2020, 11:11