Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане пачалося будаўніцтва “керамічнай” батлейкі

На плошчы св. Пятра пачалося будаўніцтва ясляў Божага Нараджэння, якія сёлета рыхтуе горад Церама ў італьянскім Абруца. Усталёўваюцца бетонны пастамент плошчай у 125 м кв і элементы каркаса з сталёвых труб.

Керамічныя фігуры для ясляў вышынёй у натуральны рост чалавека былі створаны ў Вышэйшай школе мастацтваў у Кастэлі. Паводле Губернатарата Ватыкана, сёлетняя кампазіцыя нагадвае пра Езуса, Які прыходзіць да свайго народа, каб збавіць і суцешыць яго. Гэта важнае пасланне ў складаны час пандэміі як ніколі павінна стаць знакам надзеі і даверу для ўсяго свету.

Статуі вырабляліся ў перыяд з 1965 г. па 1975 г. вучнямі і выкладчыкамі мастацкай установы. На плошчу св. Пятра даставяць толькі частку калекцыі з 54 экспанатаў. Раней гэтыя керамічныя яслі выстаўляліся перад касцёлам у Кастэлі, на Форуме Траяна ў Рыме, а таксама ў Іерусаліме, Бэтлееме і Тэль-Авіве.

Губернатарат паведаміў, што вышыня каляднай ёлкі, якая сёлета прыбудзе з Кочэўе на поўдні Славеніі, складзе 28 метраў, а максімальны дыяметр ствала – 70 сантыментаў.

Інаўгурацыя святочнай кампазіцыі запланавана на 11 снежня 2020 г. Яна застанецца на ватыканскай плошчы да 10 студзеня 2021 г.

Звычай размяшчаць ёлку на плошчы св. Пятра быў уведзены ў 1982 г. св. Янам Паўлам II. Ідэя вельмі хутка атрымала шырокае прызнанне рымлян і турыстаў. Таксама сярод краін замацавалася традыцыя дарыць святочнае дрэва Пантыфіку і адначасова карыстацца магчымасцю папулярызацыі свайго рэгіёна.

Святы Пасад пакуль афіцыйна не абвясціў, у якой форме будзе праходзіць папская літургія Божага Нараджэння ў Ватыкане. Магчыма, Францішак будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра з удзелам невялікай групы вернікаў.

Так адбывалася ў Вялікдзень. У сувязі з пандэміяй, літургію, якую звычайна наведвалі дзясяткі тысяч чалавек, Папа цэлебраваў з невялікай групай духавенства і вернікаў. У Велікодную нядзелю Францішак правёў набажэнства “Urbi et orbi” ў пустой базыліцы св. Пятра. Вернікі па ўсім свеце сачылі за ўрачыстасцямі ў тэле- і радыёэфіры, а таксама праз стрым у інтэрнэце.
 

25 лістапада 2020, 12:36