1588333048020.jpg

Святы Пасад віншуе мусульман з Рамаданам

Рамадан – гэта спрыяльны час для каталіцка-мусульманскіх адносін. У гэтым духу Папская рада па міжрэлігійным дыялогу выказала свае найлепшыя пажаданні і сардэчныя віншаванні ўсім паслядоўнікам Ісламу.

Тэмай сёлетняга адмысловага паслання стала ахова месцаў культу. І для хрысціян, і для мусульман храмы – гэта прастора, адведзеная для малітвы, маўчання, роздуму і медытацыі, - нагадалі аўтары.

“Месцы культу – гэта таксама прастора для духоўнай гасціннасці, дзе таксама вернікі іншых рэлігій далучаюцца да адмысловых абрадаў, такіх як вяселлі, пахаванні, грамадскія ўрачыстасці і г.д. Такая практыка з’яўляецца сведчаннем таго, што аб’ядноўвае вернікаў, не памяншаючы і не адмаўляючы адрозненняў”, - гаворыцца ў пасланні Папскай рады.

Аўтары нагадалі словы Францішка, прамоўленыя падчас візіту ў мячэць Гейдара Аліева ў Баку: “Сустрэча адзін з адным у братэрскім сяброўстве ў такім месцы малітвы – гэта магутны знак, які дэманструе тую гармонію, што рэлігіі могуць ствараць разам, заснаваную на асабістых адносінах і на добрай волі адказных”.

У кантэксце нападаў на храмы розных рэлігій, у пасланні ўзгадваецца думка з Дакумента аб чалавечым братэрстве, падпісаным Папам і Вялікім імамам Аль Азхар: кожная спроба або пагроза нападу на месцы культу – гэта адхіленне ад вучэння рэлігій і відавочнае парушэнне міжнароднага права.

У тэксце гучыць спадзяванне, што ўзаемная павага і супрацоўніцтва паміж католікамі і мусульманамі дапамогуць умацаваць сувязі шчырага сяброўства і дадуць магчымасць захаваць месцы культу для нашчадкаў.

01 мая 2020, 13:38