_SFO9497.JPG

Вярхоўны пэнітэнцыярый пракаментаваў дэкрэт аб адпустах

Надзвычайнасць гэтага перыяду патрабуе надзвычайных мер, каб ніхто не застаўся без Божай ласкавасці перад абліччам пакут і пагрозы смерці, - заўважыў кардынал Маўра П'ячэнца.

Кіраўнік Апостальскай Пэнітэнцыярыі у інтэрв'ю Vatican News пракаментаваў дэкрэт ад 20 сакавіка 2020 г., згодна з якім хворыя з каронавірусам, тыя, хто аказвае ім дапамогу, і ўсе вернікі свету, якія моляцца за іх, могуць атрымаць поўны адпуст.

“Мы жывём ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі: ёсць рызыка, што шпіталі не змогуць больш прымаць хворых; ёсць хворыя, вымушаныя жыць у ізаляцыі і, на жаль, паміраць без суцяшэння і ў далечыні ад сваіх родных; ёсць хворыя, якім не хапае блізкасці святара, які б удзяліў ім сакрамэнт намашчэння і споведзі. Ёсць шмат людзей, якія знаходзяцца на каранціне, і цэлыя гарады, насельніцтва якіх вымушана заставацца дома, згодна з нормамі, накіраванымі на стрымліванне заражэнняў, якія былі прыняты ўладамі”, - нагадаў іерарх.

Кардынал Пьячэнца заўважыў, што “надзвычайнасць гэтага перыяду патрабуе надзвычайных мер, каб дапамагаць, быць побач, суцяшаць, падтрымліваць, каб ніхто не меў нястачы ў Божай ласкавасці перад абліччам пакут і пагрозы смерці”. Менавіта таму ватыканская дыкастэрыя, якую ён узначальвае, абвесціла дэкрэт аб адпустах.

Пэнітэнцыярый заўважыў, што дакумент прадугледжвае агульны адпуст для ўсіх хворых з каронавірусам, якія знаходзяцца ў шпіталях ці праходзяць каранцін дома. Адпуст могуць атрымаць усе, хто ім дапамагае, медыцынскія і санітарныя работнікі, родныя хворых, а таксама вернікі, якія моляцца аб заканчэнні пандэміі, аб палёгцы для хворых і вечным адпачынку для тых, каго Пан паклікаў да сябе.

Гаворачы пра ўмовы для атрымання адпуста кардынал Пьячэнца заўважыў, што яны даволі простыя. Хворыя і тыя, хто ім дапамагае, павінны духоўна далучыцца – калі гэта магчыма з дапамогай сродкаў камунікацыі, – да цэлебрацыі св. Імшы, або да малітвы на Ружанцы, або да набажэнства Крыжовага шляху ці іншай пабожнай практыкі. Калі гэта немагчыма, яны павінны памаліцца “Веру”, “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”.

Астатнія маюць выбар паміж рознымі варыянтамі: або памаліцца ля Найсвяцейшага Сакрамэнту, або правесці Эўхарыстычную адарацыю, або прынамсі паўгадзіны прысвяціць чытанню Святога Пісання ці разважанню Крыжовага Шляху, або памаліцца на Ружанцы ці Каронкай да Божай Міласэрнасці. “Як бачна, малітва і чытанне Святога Пісанне нават не патрабуюць выйсця з дома. Такім чынам цалкам паважаюцца нормы, прынятыя для прадухілення распаўсюджвання заражэння”, - сказаў іерарх.

Тыя, хто знаходзіцца перад аблічча смерці і не можа паспавядацца і прыняць сакрамэнт намашчэння, будуць давераны Божай міласэрнасці. “Кожны з іх атрымае поўны адпуст, калі яны належна адкрытыя на гэта і звычайна маліліся на працягу жыцця. Як бачна, вялікі плашч міласэрнасці накідаецца на тых, хто жадае яе атрымаць”, - падкрэсліў кіраўнік Апостальскай Пэнітэнцыярыі.

Кардынал зазначыў, што адпуст распаўсюджваецца на ўсіх хворых, а не толькі на заражаных каронавірусам, “бо ўсе хворыя, якія сёння знаходзяцца ў шпіталях, тым ці іншым чынам перажываюць наступствы надзвычайнага стану, выкліканага пандэміяй”.

“Агульнае адпушчэнне грахоў, без індывідуальнай споведзі, можа быць дадзена пры небяспецы смерці, або – як кажа Кодэкс кананічнага права, – у сітуацыі “сур’ёзнай неабходнасці”. Іерарх заўважыў, што да такіх выпадкаў адносіцца сітуацыя ў месцах, ахопленых пандэміяй.  Ён падкрэсліў, што святары могуць здзейсняць агульнае адпушчэнне грахоў нават перад дзвярыма шпіталёў, у якіх знаходзяцца заражаныя вернікі ў небяспецы смерці, прыбягаючы да выкарыстання розных сродкаў, каб хворыя маглі чуць іх.

Што тычыцца індывідуальнай споведзі, Апостальская пэнітэнцыя заахвочвае паважаць нормы, накіраваныя на нераспаўсюджванне віруса, гэта значыць прытрымлівацца належнай дыстанцыі, выкарыстоўваць абарончыя маскі, а таксама на захаванне сакрамэнтальнай таямніцы.

Пры немагчымасці сакрамэнтальнай споведзі кардынал Пьячэнца заклікаў прыбягаць да дасканалага жалю за грахі. “Гэта магчымасць узгадваецца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла: рахунак сумлення і акт жалю, сапраўдная скруха, якая суправаджаецца намерам больш не грашыць і паспавядацца пры першай магчымасці, падабаюцца Богу, прыміраюць нас з Ім і дораць прабачэнне грахоў”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 сакавіка 2020, 13:17