Кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот Кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот 

Кардынал: малітва за мір ператвараецца ў дыялог паміж рэлігіямі

Трэба імкнуцца да “новага ладу жыцця ў нашым супольным доме”, пашыраць мір, сузіраючы шчодрасць Стварыцеля і Яго бязмежную мудрасць, - падкрэсліў Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот прыняў удзел у малітоўнай сустрэчы з прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій. Яна была арганізавана 29 студзеня 2020 г. у катэдральным касцёле Жэневы Пастаяннай місіяй Апостальскай Сталіцы пры ААН у супрацоўніцтве з Лазанскай, Жэнеўскай і Фрыбургскай дыяцэзіямі.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў сабраным некаторыя думкі з паслання Францішка на Сусветны дзень міра, якое сёлета носіць загаловак: “Мір – як шлях надзеі – дыялог, прымірэнне і экалагічнае навяртанне”. Ён заўважыў, што ў дакуменце ўтрымліваецца заклік да адкрыцця нанава тоеснасці міру ў асабістым і духоўным вымярэннях.

Кардынал Гішот падкрэсліў, што наш свет, “адначасова моцны і кволы, часам братэрскі і часта несправядлівы, рэдка салідарны і часта высакамерны, стварае спакусу дэструктыўнага песімізму”. У гэтым кантэксце важнай з’яўляецца малітва за мір, якой павінна спадарожнічаць глыбокая пашана да чалавечай годнасці, што ляжыць у аснове правоў чалавека. “Без гэтай пашаны не можа быць гаворкі ні пра малітву, асабістую ці супольную, ні пра гарантаванне міру”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады ў звароце да прадстаўнікоў рэлігій.

Іерарх нагадаў, што для хрысціян крыніцай міру з’яўляецца Хрыстус, таму што Ён прымірыў чалавецтва з Богам. Малітва – гэта перш за ўсё сустрэча, размова сына і дачкі, якія звяртаюцца да Айца, каб задаць пытанне, папрасіць тлумачэнняў, выказаць любоў і прасіць аб прабачэнні.

Заклік да міру на розных мовах – гэта абмен дарамі, дзякуючы якім удзельнікі нагадваюць, што малітва з’яўляецца агульнай мовай, якую практыкуюць усе рэлігіі. Такім чынам, сама малітва ператвараецца ў дыялог. Тады мы робімся больш зразумелымі, чым звычайна, становімся крыніцай і інструментам разумення і братэрства, - звярнуў увагу Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 студзеня 2020, 10:29