Папа падчас аўдыенцыі для дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе Папа падчас аўдыенцыі для дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе 

Дыпламатычны корпус: дзейнасць Папы – надзея для чалавецтва

Прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса пры Апостальскай Сталіцы падзякавалі Францішку за нястомныя намаганні на карысць дыялогу, міру, салідарнасці, інтэгральнай экалогіі і сустрэчы паміж пакаленнямі.

На пачатку сустрэчы Францішка з дыпламатамі, якая адбылася 9 студзеня 2020 г. у Ватыкане, дэкан дыпламатычнага корпуса пры Святым Пасадзе, пасол Кіпра Георгіюс Паўлідэс ад імя сваіх калег прывітаў Папу і пажадаў плённага працягу яго апостальскай місіі.

Дыпламат спаслаўся на 100-годдзе заснавання Лігі Нацый, 70-годдзе Савета Еўропы, 30-годдзе падзення Берлінскай сцяны і адзначыў, што гэтыя падзеі красамоўна сведчаць пра жаданне народаў адрадзіцца пасля войнаў, халодных і гарачых, якія ўзнікалі па прычыне адсутнасці дыпламатычнага дыялогу.

“Сёння яшчэ ёсць час, каб пазбегнуць памылак мінулага. Ваша Святасць, Ваша праца асвятляе шлях і ўказвае напрамак, якім можа крочыць наша дыпламатыя, будуючы масты дыялогу, а не муры”, - падкрэсліў пасол Кіпра пры Апостальскай Сталіцы.

Дэкан дыпламатычнага корпуса ўзгадаў пра Апостальскія падарожжы, якія Францішак здзейсніў у мінулым годзе, і якія паслужылі справе дыялогу і сустрэчы паміж народамі, далёкімі не толькі геаграфічна, але культурна і рэлігійна. “Святы Ойча, дзякуем Вам за нястомную працу, за надзею для мноства людзей”, - сказаў Георгіюс Паўлідэс.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 студзеня 2020, 13:57