Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: паліятыўная дапамога і псіхічнае здароўе пажылых людзей

У Ватыкане завяршыўся міжнародны сімпозіум, скліканы Сусветным самітам па пытаннях інавацый (WISH) і Папскай акадэміяй жыцця і прысвечаны духоўнай дапамозе пацыентам на ключавых этапах жыцця.

250 удзельнікаў форума “Рэлігія і медыцынская этыка” засяродзіліся на дзвюх асноўных тэмах: паліятыўная дапамога і псіхічнае здароўе пажылых людзей. Першы яго дзень быў прысвечаны медыцынскім і духоўным аспектам аказання этычнай паліятыўнай дапамогі з пункту гледжання трох рэлігій: хрысціянства, ісламу і юдаізму. Арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця назваў паліятыўную дапамогу “правам чалавека”, падкрэсліваючы ўніверсальны характар пакут і смерці.

Галоўны рабін Рыма Рыкарда дзі Сэньі акрэсліў паліятыўную дапамогу як выраз любові і сяброўства і заклікаў людзей клапаціцца пра хворых блізкіх, “абараняць” іх і “берагчы іх як самае каштоўнае”.

У другі дзень асноўная ўвага была нададзена адчувальнай тэме аховы псіхічнага здароўя пажылых людзей. У сваім дакладзе біскуп Ноэль Сімар з Даліфілд у Канадзе падкрэсліў неабходнасць і права пацыентаў на духоўнае “самазахаванне” як частку лячэння, а таксама карысць “духоўнага падыходу” да пацыентаў. Прыхільнік міжканфесійнага дыялогу, ён пагадзіўся з тым, што “большасць даследаванняў аб сувязі паміж духоўнасцю і здароўем праводзяцца па мадэлі дыялогу і інтэграцыі”.

Прафесар Айман Шабана з Катару заўважыў, што ісламскі закон шарыяту ўжо мае добра распрацаваныя этычныя рэкамендацыі для медыкаў, якія займаюцца забеспячэннем псіхічнага здароўя пажылых людзей. У сваёй прэзентацыі ён растлумачыў, што ісламскі падыход утрымлівае моцны элемент, заснаваны на веры, які ўжо паказаў сваю карысць для пацыентаў. Іслам прызнае неабходнасць сумеснай працы медыцынскіх работнікаў, духавенства і членаў сям’і ў падтрымцы пацыента, патлумачыў ён.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 снежня 2019, 12:37